Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларускім спартсменам загадана заваяваць на Алімпіядзе не менш як 15 медалёў 13:43, 27/03/2007
Зборнай Беларускай на Алімпійскіх гульнях у Пекіне неабходна заваяваць ад 15 да 17 медалёў для таго, каб увайсці ў колькасць 20 наймацнейшых зборных свету, паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Менску намеснік міністра спорту і турызму Беларусі Дзмітрый Шычко, паведамляе “Інтэрфакс”.
“На Алімпійскіх гульнях у Атланце ў 1996 годзе мы заваявалі 15 медалёў, у Сіднэі ў 2000 годзе – 17, у Афінах – зноў 15. Гэтая колькасць медалёў дазваляла нашай краіне трапляць у дваццатку наймацнейшых. На мой погляд, 15–17 медалёў – той дыяпазон, які дазволіць увайсці ў дваццатку і ў Пекіне”, – лічыць Д.Шычко.
Па прагнозах Міністэрства спорту і турызму Беларусі, у дзесятку наймацнейшых увойдуць, апроч традыцыйных лідэраў – ЗША, Расеі, Кітая, Нямеччыны і Аўстраліі – таксама каманды Францыі, Італіі, Паўднёвай Карэі, Вялікабрытаніі і Кубы. Гэтыя краіны звычайна заваёўваюць больш за 50% узнагарод.
"На долю астатніх 190 краін, у тым ліку і Беларусі, выпадае менш за палову медалёў. Тым не менш, мы ўпэўненыя, што наша краіна, якая выхавала 60 алімпійскіх чэмпіёнаў, не застанецца без узнагарод”, – перакананы намеснік міністра. Цяпер, па словах Д.Шычко, непасрэдна да Алімпіяды вядуць падрыхтоўку 159 спартсменаў у 23 відах спорту. "Для спартсменаў створаны рэжым найбольшай спрыяльнасці ў арганізацыйным, навуковым, медыцынскім, фінансавым і іншых відах забеспячэння", – сцвярджае намеснік міністра.
207 беларускіх спартсменаў знаходзіцца ў рэзерве і, па словах Д.Шычко, яны таксама маюць шанец патрапіць на Алімпійскія гульні. "Калі яны пакажуць на міжнародных спаборніцтвах вынікі сусветнага ўзроўню, то здолеюць патрапіць у алімпійскую спартовую дэлегацыю", – падкрэсліў намеснік міністра.