|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Касачоў: Расея сама вінаватая ў сваёй дрэннай рэпутацыі 14:07, 28/03/2007 Касачоў, які ўваходзіць у вузкае кола кіраўніцтва пракрамлёўскай “Единой России” прызнаў, што апошнім часам былі дапушчаныя некалькі інфармацыйна-камунікатыўных памылак. Так, расейскаму ўраду варта б было загадзя паінфармаваць зацікаўленыя краіны ЕЗ аб планаваным спыненні паставак энерганосьбітаў ва Украіну і ў Беларусь. Таксама мала ўвагі было нададзена тлумачэнню ўласных пазіцый з нагоды забойства журналісткі Ганны Паліткоўскай і па справе ЮКАСа. (Поўны тэкст на сайце InoPressa.ru.) Відаць, прымірэнчы тон – гэта частка новай стратэгіі, якая закліканая паўплываць на міжнародную грамадскую думку напярэдадні выбараў, падагульняе Spiegel. Гэтыя падзеі трэба будзе суправадзіць большай тлумачальнай працай, удакладніў Касачоў. Зрэшты, адзначае часопіс, па старой крамлёўскай традыцыі Касачоў не паскупіўся і на крытыку Захаду. На пэўных прыкладах ён растлумачыў спецыфічнае разуменне дэмакратыі. Адмена прамых выбараў і ўвядзенне сяміадсоткавага бар`ера служаць, па яго словах, для будавання стабільнай партыйнай сістэмы, а не супраць апазіцыі, як было ўсюды напісана. Як сказаў Касачоў, Расеі не патрэбныя 40 партый: столькі “навукова абгрунтаваных ідэалагічных праграм” проста не існуе. У большасці партый, гаварыў ён, не было нават праграмы, гэта проста групоўкі вакол нейкай харызматычнай асобы. Апазіцыйнае “Яблоко” – гэта, уласна, партыя Яўлінскага; тое самае тычыцца партыі Жырыноўскага. “Гэтыя партыі актыўныя ў віртуальнай прасторы, у сродках масавай інфармацыі, у гарадах”, – тлумачыў Касачоў. А у рэгіёнах яны практычна так і не ўкараніліся. Пры гэтым яго уласная партыя, “Единая Россия”, не з’яўляецца “Партыяй Пуціна”, сцвярджае дэпутат. У яе есць паўнавартасная праграма, і яна прадстаўленая па ўсёй краіне. Тое самае, па яго словах, тычыцца і ўсёй крамлёўскай партыі, “Справедливой России”. Калі “Единая Россия” – гэта правацэнтрысцкая партыя, то маленькі наватвор заклікае прыцягнуць на бок Крамля "левы" электарат. З прычыны паправак, занесеных у закон аб партыях, колькасць зарэгістраваных у Расеі партый прыкметна скарацілася. Калі ў 90-я гады яшчэ існавала больш як 100 палітычных партый, то цяпер іх засталося ўсяго 17. Шмат у каго так і не атрымалася пераадолець заканадаўствам усталяваную планку ў 50 тысяч сябраў, нагадвае нямецкае выданне. Сяміадсоткавы бар’ер павінен, на думку ўлад, прывесці да новых аб’яднанняў дробных партый. Касачоў заклікаў абедзве цэнтрысцкія дэмакратычныя партыі, праваліберальны СПС і ліберальнае “Яблоко”, ісці на выбары ў Думу сумесна. Дагэтуль іх аб’яднанне штораз сканчалася няўдачай. Касачоў выказаў здагадку, што на думскіх выбарах сяміадсоткавы бар’ер пераадолеюць чатыры–пяць партый. Гэта стане сведчаннем на карысць таго, што ў Расеі ніхто сур’ёзна не думае пра стварэнне аднапартыйнай або двухпартыйнай сістэмы. Старшыня камітэта па міжнародных справах Дзяржаўнай думы выказаўся таксама з нагоды планаванага размяшчэння кампанентаў амерыканскай сістэмы ПРА у Польшчы і Чэхіі. У вочы кідаецца ўжо тое, сказаў ён, што меркаваныя месцы яе размяшчэння знаходзяцца не ў краінах, суседніх з Іранам або Паўночнай Карэяй, а ў дзяржавах, суседніх з Расеяй. Таму няма падстаў сумнявацца, што ЗША бачаць у Расеі ворага. Расея даўно сігналізавала ЗША пра сваю заклапочанасць, распавядае Касачоў. Але досвед паказаў, што калі размаўляць з імі ціха, то ЗША робяць выгляд, як быццам яны нічога не чуюць. Таму на мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы голас расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна быў гучным.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|