Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
З турмы на Акрэсьціна выходзяць палітвязьні 10:33, 28/03/2007
Cёньня на волю выйдуць шасьцёра палітвязьняў. Людзей затрымалі прэвэнтыўна напярэдадні акцыі 25 сакавіка. Усіх абвінавацілі ў дробным хуліганстве. Міліцыянты ў судзе сьцьвярджалі, што апазыцыянэры нецэнзурна лаяліся. Учора з турмы выйшлі моладзевыя лідэры Аляксей Шыдлоўскі і Зміцер Хведарук.
Сёньня а палове на першую ночы з турмы на вуліцы Акрэсьціна выйшаў Уладзімір Галавань. Ён адбыў трое сутак арышту. Цягам дня на волю выйдуць Антон Піеў, Аляксандар Сьцепаненка, Аляксей Рубан. Іх арыштавалі на пяць сутак, паведамляе “Радыё Свабода”.
У турму на Акрэсьціна палітвязьні сталі паступаць за пяць дзён да акцыі 25 сакавіка. Людзей хапалі на вуліцы, правяралі ўсе рэчы ў заплечніку. Улёткі з заклікам прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу ў Дзень Волі пакідалі ў міліцыі, а затрыманых адвозілі ў турму ці ў суд.
Нягледзячы на тое, што ўсе затрыманьні і складаньне пратаколаў адбыліся з парушэньнямі новага Адміністрацыйнага кодэксу (бо міліцыянты мусілі запрасіць мінакоў быць сьведкамі правапарушэньня), судзьдзі не спынілі ніводнай справы.
У Савецкім і Першамайскім судах дзяўчат каралі арыштам на трое сутак, хлопцаў – на пяць.
У турме на Акрэсьціна застануцца Андрэй Ігнатовіч, Аляксандар Атрошчанкаў і Барыс Гарэцкі. Жонка Аляксандра Атрошчанкава Дар’я Корсак непакоіцца, што ў Аляксандра пагоршыцца стан здароўя.
“Калі я ўбачыла свайго мужа ў судзе, ён пасьпеў мне сказаць, што яго затрымлівалі шмат чалавек. Яго павалілі на зямлю, зьбілі. Калі на ім ужо былі кайданкі, парвалі джынсы, куртку... Нават самі выклікалі хуткую. Яму зрабілі ўкол, але шпіталізаваць адмовіліся. У турме ўзялі толькі адзеньне, рэчы асабістай гігіены і – бацька вельмі папрасіў – узялі яшчэ дзьве кнігі”, – расказвае Дар’я.
29 сакавіка з менскай турмы на волю выйдуць Аляксандар Атрошчанкаў і Андрэй Ігнатовіч, 2 красавіка – Барыс Гарэцкі.