Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
На слуханнях Камітэта па правах парламентараў Міжпарламенцкага саюза, які праходзіў 18 кастрычніка 2006 года, выступіў сябра беларускай дэлегацыі Мікалай Чаргінец. Як паведамляе арганізацыя «Праваабарончы альянс», ім была прадстаўленая няпэўная інфармацыя па справе зніклага дэпутата Вярхоўнага Савета 13 склікання спадара Ганчара.
“Следства па знікненні Ганчара і Красоўскага ўсё яшчэ працягваецца, і парламент працягвае кантраляваць яго, – заявіў Мікалай Чаргінец. – Парламент атрымоўвае даклады ад Генеральнага пракурора, нядаўна ў траўні 2006 года і 2 кастрычніка 2006 года падчас адкрытых парламенцкіх сесій быў даклад пракурора, які ў значнай ступені прысвечаны пошуку зніклых людзей. Ні палітычныя, ні эканамічныя або асабістыя падставы дадзенага знікнення дагэтуль не выключаныя. Ганчар і Красоўскі відавочна былі выкрадзеныя, але не зразумела, хто быў мэтай – Ганчар або Красоўскі. Апошні меў праблемы, звязаныя з бізнэсам, і яго жонка, якая цяпер жыве ў ЗША, адмовілася з’явіцца на следства. Інфармацыя, якая змяшчаецца ў дакладзе ПАРЕ, была правераная пракурорам, але ацэненая як няправільная. Ён папрасіў аўтара дакладу спадара Пургурыдаса падзяліцца інфармацыяй, але Пургурыдас не адказаў на яго лісты. Расследаванне заблытваецца тым фактам, што новыя абвінавачванні нязменна прад’яўляюцца да некаторых асоб, якія, магчыма, стаяць за дадзеным знікненнем. І на маё асабістае меркаванне, спадар Ганчар – мёртвы”, – заявіў Чаргінец.
Мікалай Чаргінец таксама спаслаўся «на выпадкі знікнення іншых асоб, спадарыні Віннікавай, былой старшыні Нацыянальнага банка Беларусі, якая знікла і пазней з’явілася ў Лондане, і спадара Батурына, які знік і пазней з’явіўся ў Вашынгтоне».
Лідэр грамадзянскай ініцыятывы «Мы памятаем» Ірына Красоўская здзіўленая тым, што гаворыць спадар Чаргінец, а менавіта, што яна адмаўлялася супрацоўнічаць са следствам:
“Дзе і калі я адмовілася? Я ніколі не адмаўлялася ад якога-небудзь супрацоўніцтва з следствам, – сказала яна. – Гэта абсалютна гнюсная хлусня спадара Чаргінца, бо я ўвесь час супрацоўнічала з папярэднім следчым Уладзімірам Чумачэнкам і іншымі афіцыйнымі асобамі, якія вялі справу. Я ніколі не бачыла новага следчага Кухарэнку, хоць я спрабавала сустрэцца з ім, як толькі яго прызначылі новым следчым па справе (і гэта была мая ініцыятыва, а не яго). Але ён адмовіўся бачыць мяне і майго адваката Гары Паганяйлу (мы дагэтуль захоўваем ўсе дакументы пра гэта).
Пасля гэтага я ніколі не атрымоўвала ніякіх запрашэнняў ад следчага або іншых афіцыйных асоб. Я толькі кожныя тры месяца атрымоўваю ліст ад следчага Кухарэнкі пра тое, што справа працягваецца на наступныя тры месяцы. Я запрашалася на дачу сведчанняў аб знікненні майго мужа Анатоля Красоўскага перад Кангрэсам ЗША у красавіку 2003 года. Нягледзячы на тое, што я жыву ў ЗША, я прыязджаю ў Беларусь да маёй сям’і вельмі часта, але я ніколі не атрымоўвала ніякіх позваў да следчага.
Такім чынам, калі неабходная дадатковая інфармацыя або мае сведчанні перад Камітэтам, я буду шчаслівая зрабіць гэта і даказаць, што спадар Чаргінец, таксама як і беларуская ўлада, не цікавяцца пошукам праўды ў знікненнях у Беларусі і робяць усё, каб дэзінфармаваць міжнародную супольнасць, і ў прыватнасці Камітэт па правах парламентараў Міжпарламенцкага саюза”.