|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
У Расеі катаванні ўжываюцца да кожнага пятага расейца 10:13, 29/03/2007 Мэта даследавання – атрымаць уяўленне аб маштабах і падрабязнасцях ужывання катаванняў пры прымусе да дачы сведчанняў і практыкі жорсткага звароту пры затрыманні. “У нас альбо кожны расеец па сваім досведзе, альбо ад свайго асяродка ведае, што ў праваахоўнай сістэме ўжываюцца катаванні”, – сказаў на прэзентацыі даследавання кіраўнік ніжагародскага “Камітэта супраць катаванняў” Ігар Каляпін. Ён паведаміў, што апытанне праводзілася прафесійнымі групамі сацыёлагаў у пяці рэгіёнах: у Санкт-Пецярбургу, Ніжнім Ноўгарадзе, Пскове, Чыце і Комі. Усяго з 2004 года былі апытаныя 5565 чалавек. І, як распавёў у сераду прафесар Сацыялагічнага інстытута РАН Якаў Гілінскі, “вынікі атрымаліся дзіўна падобныя”. “У сярэднім 4,12% апытаных сказалі, што асабіста падвяргаліся катаванням цягам аднаго года”, – заявіў Гілінскі. Па яго словах, 21,3% апытаных у Санкт-Пецярбургу на пытанне пра тое, ці могуць яны ўспомніць за ўсё жыццё выпадкі ўжывання ў дачыненні іх пазапраўнага гвалту з боку праваахоўных органаў, адказалі станоўча. Паводле вынікаў апытання, больш як 50% рэспандэнтаў у Санкт-Пецярбургу, Пскове, Ніжнім Ноўгарадзе, Рэспубліцы Комі і Чыце лічаць, што катаванні ў Расеі ўжываюцца, адзначае “Інтэрфакс”. Гілінскі паведаміў, што 39% апытаных сярод зняволеных у Комі паведамілі, што падвяргаліся гвалту да прысуду суду, а ў Чыце колькасць зняволеных, якія адказалі станоўча на пытанне аб ужыванні гвалту да рашэння суду, перавысіла 61%. Пры гэтым сацыёлаг сказаў, што, па дадзеных апытання, больш як 60% рэспандэнтаў у Санкт-Пецярбургу пачуваюцца не абароненымі ад гвалту. “Расея і так займае трэцяе месца пасля Калумбіі і ПАР па колькасці забойстваў на 100 тысяч насельніцтва і лідзіруе па колькасці самазабойстваў. У нас назапашаны каласальны патэнцыял гвалту, і гэтая праблема недаацэньваецца грамадствам і кіраўніцтвам краіны”, – адзначыў Гілінскі. Як катуюць расейцаў Праваабаронцы высветлілі, што катуюць суграмадзянаў часцей за ўсё супрацоўнікі патрульна-паставой службы і следчых аддзелаў міліцыі. Але не грэбуюць гвалтам супрацоўнікі ФСБ і пракуратуры, а таксама судовыя прыставы. Часцей за ўсё ўжываюцца збіванне, утрыманне ў халодных памяшканнях і антысанітарных умовах. Таксама практыкуюцца прымусовыя позы, у тым ліку падвешванне, кіданне, расцягванне, выкручванне рук і гэтак далей. Значна радзей сустракаецца ўжыванне электратоку, апусканне ў ваду (за выключэннем Комі, дзе было выяўлена 20 такіх выпадкаў), падпальванне і іншыя катаванні з выкарыстаннем кіпеню і гарачых (распаленых) прадметаў. Найбольш распаўсюджаныя матывы катаванняў: здзекаванне, "кураж", вымагальніцтва, а ўжо потым прымус да яўкі з пакаяннем і да дачы сведчанняў супраць сябе і іншых асоб. Экзотыкай з`яўляюцца помста і катаванні за ўдзел у акцыях пратэсту, грамадзянскага супраціву і за скаргі на самаўпраўнасць. Даследнікі робяць выснову: як правіла, катаванні ўжываюцца ў дачыненні мужчын 21–40 гадоў з сярэдняй і няпоўнай вышэйшай адукацыяй. Часцей за ўсё ўжыванне катаванняў адбываецца ў аддзеле міліцыі, дзяжурнай частцы або ў працэсе затрымання міліцыяй. Здзекаванні могуць цягнуцца колькі заўгодна: ад 10 хвілін да 72 гадзін. Як адзначае праваабаронца, праблема гвалту з боку праваахоўных органаў узмацнілася ў 90-я гады, калі з сілавых структур пачалі звальняцца прафесійныя кадры. Акрамя таго, у сілавых структурах занадта літаральна разумеюць патрабаванні начальства аб максімальнай раскрывальнасці злачынстваў любой цаной. Старшыня ніжагародскага "Камітэта супраць катаванняў" Ігар Каляпін лічыць, што найперш неабходна падвышаць узровень службовай падрыхтоўкі кадраў праваахоўных органаў. "Міліцыянты ў тыповых для сябе сітуацыях не ведаюць, якія дзеянні распачаць", – кажа праваабаронца. "Замест таго каб раскрываць злачынства, лягчэй выбіць сведчанні", – згаджаецца з ім прафесар Гілінскі. Праваабаронцы лічаць, што маштабнасць і беспакаранасць катаванняў не толькі пагражаюць жыццю і здароўю грамадзянаў, але і ўсёй сістэме правасуддзя, асновам грамадзянскай супольнасці і нават дзяржаўнасці. Цягам апошніх гадоў для спынення ўжывання катаванняў органамі ўлады Расеі ніякіх рэальных мераў прынята не было. "Пачаць вырашаць гэтую праблему не гатова ні кіраўніцтва МУС, ні дзяржава, – лічыць старшыня "Камітэта супраць катаванняў" Ігар Каляпін. – Гаворыцца вельмі шмат, але нічога не робіцца". "Самае страшнае – гэта гвалт з боку тых, хто павінен нас абараняць, – сказаў Якаў Гілінскі. – Мы іх утрымоўваем, яны нас б`юць". Па словах Каляпіна, для выкаранення праблемы гвалту з боку праваахоўных органаў патрэбныя комплексныя меры, найперш падвышэнне ўзроўню прафесійнай падрыхтоўкі супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Прычын таго, што адбываецца даволі шмат. Прафесар Якаў Гілінскі называе, у прыватнасці, падзенне прафесіяналізму сярод праваахоўнікаў, рэпрэсіўны менталітэт заканадаўцаў, працаўнікоў пракуратуры, суддзяў і міліцыянтаў. Уплывае і нізкая аплата працы і галоўнае поўная беспакаранасць за самаўпраўнасць. Не пазбавіліся праваахоўныя органы і “спадчыны савецкага таталітарнага рэжыму”.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|