Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
ААН назвала краіны, з якіх хочуць збегчы 15:17, 29/03/2007
Управа Вярхоўнага Камісара ААН па справах бежанцаў падлічыла, што ў 2006 годзе часцей за ўсё прасілі сховішча за мяжой грамадзяне Ірака, Кітая і Расеі, самымі ж прывабнымі краінамі для бежанцаў з’яўляюцца ЗША і Францыя.
Як паведамляе “БДГ”, выснова была зробленая на падставе статыстыкі па 50-ці найбольш "багатых" краінах свету, якія традыцыйна з’яўляюцца папулярнымі ў людзей, што спрабуюць атрымаць сховішча. У 2006 годзе з просьбай аб сховішчы звярнуліся 303.4 тыс. чалавек, што на 10% менш, чым у 2005 годзе. За апошнія пяць гадоў колькасць такіх просьбітаў у індустрыяльна развітых краінах скарацілася больш як у два разыу. Збольшага гэта тлумачыцца паляпшэннем становішча ў краінах паходжання асноўных груп бежанцаў. Разам з тым, скарачэнне звязанае і з тым, што развітыя краіны за апошні час рэзка ўзмацнілі патрабаванні да жадаючых атрымаць сховішча. У цэлым у Еўропе і ў 25 краінах Еўрапейскага Звяза ў 2006 годзе колькасць пададзеных заявак на падаванне статусу бежанца была самай нізкай за апошнія 20 гадоў. Выключэннем сталі Швецыя, Грэцыя і Мальта, дзе быў зафіксаваны рост колькасці замежнікаў, якія хацелі атрымаць сховішча.
Больш усіх імкнуліся атрымаць сховішча за мяжой жыхары Ірака (22.2 тыс. такіх зваротаў, што на 77% больш за 2005 год), Кітая (18.3 тыс.) і Расеі (15.7 тыс.). У першую пяцёрку таксама ўваходзяць Сербія і Чарнагорыя (улічаныя сумесна), а таксама Турэччына. У 2005 годзе Сербія-Чарнагорыя і Расея займалі першыя два месцы. Тады з Расеі спрабавалі збегчы 22 тыс. чалавек.
Спробы атрымаць сховішча рабілі і грамадзяне іншых постсавецкіх дзяржаў, аднак яны таксама рабілі гэта з меншым жаданнем, чым у 2005 годзе. Управа Вярхоўнага Камісара ААН па справах бежанцаў аперуе статыстыкай па 36-ці краінах, якія атрымоўвалі такія прашэнні і своечасова перадалі адпаведныя дадзеныя ў ААН. З Грузіі спрабавалі збегчы 3.6 тыс. чалавек (амаль удвая менш за 2005 год), з Арменіі – ледзь менш за 4.2 тыс. (на 16% менш, чым у 2005-м), з Азербайджана – 2.5 тыс. (мінус 23%), з Малдовы – больш як 2.5 тыс. (мінус 46%, у параўнанні з 2005 годам), з Украіны – 2.1 тыс. (мінус 43%). Дадзеных па іншых краінах былога СССР не прыводзіцца.
У 2006 годзе шукальнікі сховішча больш за ўсё імкнуліся патрапіць у ЗША. У 2005 годзе ЗША апярэджвала Францыя, якая ў 2006 годзе апынулася на другім месцы. За дазволам на атрыманне сховішча ў ЗША у 2006 годзе звярнуліся 51 тыс. чалавек. Разам з тым, на кожную 1 тыс. жыхароў ЗША прыходзіцца адзін просьбіт сховішча, тады як у Еўропе – 3.2 просьбіта на 1 тыс. Пасля ЗША і Францыі бежанцы больш за ўсё імкнуцца патрапіць у Вялікабрытанію, Швецыю, Канаду, Нямеччыну, Нідэрланды, Аўстралію, Грэцыю і Бельгію.
У жыхароў постсавецкіх дзяржаў таксама сфармаваліся свае перавагі на гэты конт. Расейцы часцей за ўсё спрабавалі асесці ў Польшчы, Аўстрыі і Францыі. Грузін прыцягвалі Грэцыя, Францыя і Аўстрыя, армян – Францыя, Бельгія і Вугоршчына, азербайджанцаў – Францыя, Нямеччына і Швецыя, малдаван – Францыя і Аўстрыя, украінцаў – Чэхія і ЗША.