|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Жазэ-Мануэль Барозу: «Мы павінны падзяляць этыку еўрапейскай адказнасці» 16:29, 30/03/2007 У апошнія выходныя еўрапейскае мінулае і еўрапейская будучыня сустрэліся ў Берліне. Як гаворыцца ў Берлінскай дэкларацыі, мы святкавалі 50-годдзе дасягненняў Еўропы: мір, свабоду і росквіт, пра якія не маглі марыць нават самыя аптымістычныя бацькі-заснавальнікі Еўропы. Гэта шчаслівае гістарычнае супадзенне, што мы адзначаем свята нашага адзінства ў Берліне, у горадзе, які быў сімвалам раз’яднанай Еўропы, а зараз з’яўляецца сімвалам новай аб’яднанай Еўропы. Святкаванні ў Берліне сталі момантам натхнення для Еўропы. Я магу сказаць за многіх, хто там быў, што мы ўсе адчулі «Еўрапейскі дух» сярод нас. Берлінская дэкларацыя даказала сваю адпаведнасць гэтай падзеі, яшчэ раз пацвердзіўшы вернасць еўрапейскіх інстытуцый і краін ЕС еўрапейскім каштоўнасцям і еўрапейскім мэтам у ХХІ-м стагоддзі. Я быў у захапленні ад таго, што Дэкларацыя, прапанаваная Еўрапейскай Каміссіяй у траўні мінулага году, гэтак добра падыйшла для таго, каб быць цэнтрам урачыстасцяў. Я хачу павіншаваць Канцлера Германіі Ангелу Меркель і Германскае Старшынства з той вырашальнай роляй, якую яны адыгралі ў дасягненні гэтага вялікага еўрапейскага поспеху. Мяне таксама перапаўняў гонар, калі я бачыў, як тры еўрапейскія інстытуцыі падпісваюць Берлінскую дэкларацыю. Прысутнасць Еўрапейскага Парламенту з’яўляецца знакам дэмакратычнай сталасці нашага Саюзу, і гэта трэба яшчэ раз падкрэсліць. Я таксама высока ацэньваю канструктыўную ролю, якую выканаў ад імя Парламенту Старшыня Пётэрынг на этапе падрыхтоўкі Берлінскай дэкларацыі. Сёння, перад гэтым Сходам, я хацеў бы закрануць два моманты. Дазвольце мне спачатку падкрэсліць поспех двайной стратэгіі. Узятыя разам, дзве Еўрапейскія Рады, якія адбыліся ў сакавіку бягучага году, былі гэтай двайной стратэгіяй у дзеянні. Вясновая Еўрапейская Рада прадэманстравала рашучасць дасягнуць вынікаў у сферы энэргетыкі і барацьбы са змяненнем клімату. Берлінская дэкларацыя засведчыла рашучасць дасягнуць пагаднення па інстытуцыйных пытаннях да еўрапейскіх выбараў 2009 г. Гэтыя поспехі даказваюць, што няправільна бачыць канфлікт паміж «прагматычным падыходам» і «палітычным бачаннем». Наадварот, «двайная стратэгія» з’яўляецца правільнай. З аднаго боку, праз дасягненне вынікаў мы ствараем палітычны імпульс для ўрэгулявання інстытуцыйнай праблемы. А з іншага боку, для дасягнення яшчэ лепшых вынікаў, нам патрэбныя больш эфектыўныя, дэмакратычныя і зладжаныя інстытуцыі. Еўропа вынікаў – гэта палітычнае бачанне, якое абапіраецца на канструктыўны прагматызм: вырашэнне пытанняў, якія непакояць нашых грамадзян, каб забяспечыць еўрапейскія рашэнні для еўрапейскіх праблем. Нам таксама неабходная дамоўленасць, бо перад Еўропай у наступныя гады стаяць вялікія глабальныя выклікі. Толькі разам, працуючы больш эфектыўна, Еўрапейскі Саюз можа даць рады выклікам глабалізаванага свету: канкурэнтнае эканамічнае асяроддзе, энэргетычная бяспека, тэрарызм і арганізаваная злачыннасць, змяненне клімату, масавая міграцыя і глабальная беднасць. Мы павінны падрыхтаваць Еўрапейскі Саюз да глабалізацыі. Ёсць яшчэ адна прычына, якая стымулюе Камісію моцна падтрымліваць хуткае, а таксама амбіцыйнае вырашэнне пытання пра арганізацыю інстытуцый ЕС. Няма сумнення ў тым, што правал працэсу ратыфікацыі Канстытуцыйнага дагавору кідае цень на Еўрапейскі Саюз. Гэта не адначае параліч, або наяўнасць «крызісу». Аднак гэта абмяжоўвае палітычную волю, якую мы павінны сфармаваць, каб рухацца наперад. Вырашэнне гэтага пытання – гэта адзіны бачны шлях перамагчы прывід падзелу і «ўяўны крызіс». Сапраўды, няздольнасць дамовіцца наконт інстытуцыйнай структуры можа выклікаць падзел, які, ў сваю чаргу, можа пагражаць нашым супольным каштоўнасцям. Задумайцеся на хвілінку аб еўрапейскай гісторыі і аб усіх тых трагедыях, якія выпалі на долю нашага кантыненту. Пяцьдзесят год – гэта не так шмат для еўрапейскай гісторыі. Ніхто не павінны ставіцца да нашых дасягненняў як да дадзенага. Нам неабходна пастаянна клапаціцца пра нашу прававую базу. Калі мы хочам захаваць і абараніць нашы супольныя каштоўнасці, а менавіта непарушную годнасць асобы, свабоду, справядлівасць і салідарнасць, якія робяць нас палітычным саюзам, а ня толькі рынкам, нам неабходна будзе рэфармаваць інстытуцыі нашай Супольнасці права. Захаванне нашых супольных каштоўнасцяў – гэта пастаянная няспынная праца. Або - тое, што я называю бясконцай еўрапейскай прыгодай. У двух словах, для лепшай Еўропы нам патрэбныя лепшыя інстытуцыі для дасягнення лепшых вынікаў. Я думаю, што палітычная воля для гэтага ёсць, і зараз прыйшоў час пераходзіць да наступнага этапу. Гэта другі момант, які я хачу закрануць сёння. Я прашу дзяржавы-ўдзельніцы ЕС захаваць гэты імпульс у наступныя месяцы. Я прашу нацыянальныя ўрады аб актыўным супрацоўніцтве. Усе краіны ЕС падпісалі дагавор, які стала немагчыма ратыфікаваць з-за адмоўных вынікаў двух народных галасаванняў. Аднак прадэманстраваная рашучасць абавязвае ўсе, я падкрэсліваю, усе дзяржавы-ўдзельніцы канструктыўна працаваць для дасягнення супольнага рашэння. Як Прэзідэнт Еўрапейскай Камісіі, я нясу адказнасць за тое, каб патрабаваць ад нацыянальных урадаў асаблівых намаганняў у бліжэйшыя месяцы. Зараз дазвольце мне паўтарыць адно канкрэтнае пасланне, з якім я звярнуўся да кіраўнікоў еўрапейскіх урадаў і дзяржаў у Берліне. Гэтае пасланне датычыцца нашага супольнага ўдзелу ў нашым Саюзе. Еўрапейскі Саюз – гэта не «іншаземная сіла», якая захапіла нашы дзяржавы; гэта наш супольны праект. Еўропа – гэта не «яны», Еўропа – гэта «мы». Гэта спакусліва, але ня чэсна з боку нацыянальных палітыкаў забіраць сабе ўсе заслугі, а ўсю віну ўскладаць на «Брусэль». Давайце супрацьстаяць гэтай спакусе. Гэта этыка еўрапейскай адказнасці, якую мы павінны падзяляць. Пасля Берліну ёсць палітычны абавязак выйсці з інстытуцыйнага тупіка. Камісія дасць поўную падтрымку Германскаму Старшынству, каб у супрацоўніцтве з іншымі краінамі ЕС распрацаваць для гэтага ясную і дакладную «дарожную карту» да чэрвеня. Давайце ня будзем забывацца, як я шмат разоў паўтарыў падчас урачыстасцяў на мінулым тыдні, што гэта той гістарычны экзамен, які пакаленне палітычных лідэраў здае толькі аднойчы ў жыцці. Я завяршу свой выступ тым жа заклікам, які я агучыў у Берліне. Давайце працаваць разам – Еўрапейская Камісія, Еўрапейскі Парламент, Дзяржавы-ўдзельніцы і еўрапейскія грамадзяне, - каб узяць тую вялікую спадчыну, якую мы атрымалі ад нашых бацькоў-заснавальнікаў, у ХХІ-е стагоддзе. Дзякуй.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|