Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Сусветны банк: Інвестыцыі не пойдуць у Беларусь пры наяўнасці інстытута «залатой акцыі» 17:03, 30/03/2007
Прадстаўнік групы Сусветнага банка ў Беларусі Крэйг Бэл лічыць, што наяўнасць у Беларусі інстытута "залатой акцыі" ўступае ў супярэчнасць з інтарэсамі замежных інвестараў. "Інстытут "залатой акцыі" ўступае ў супярэчнасць з інтарэсамі інвестараў, якія хочуць мінімізаваць свае рызыкі", – заявіў К.Бэл, выступаючы ў пятніцу ў Менску на 4-м пленарным паседжанні Кансультатыўнага савета па замежных інвестыцыях пры ўрадзе Беларусі, паведамляе «Інтэрфакс».
Па яго словах, нягледзячы на распачатыя ўрадам Беларусі крокі па паляпшэнні дзелавой серады, інвестыцыйны клімат у краіне застаецца даволі складаным. "Вялікая колькасць нарматыўных актаў, вялікая колькасць дзяржаўных органаў, якія ажыццяўляюць праверкі, заблытаная падатковая сістэма ўсё яшчэ прысутнічаюць у Беларусі", – сказаў ён.
У прыватнасці, паводле яго дадзеных, "у прыватным сектары Беларусі існуе больш як 600 фактараў дзейнасці, якія змяняюцца кожны год".
Прадстаўнік групы ВБ падкрэсліў неабходнасць развіцця прыватнага сектара, асабліва ва ўмовах росту кошту энергарэсурсаў для Беларусі. "Устойлівасць эканамічнага росту ва ўмовах росту кошту энергарэсурсаў можна падвергнуць сумненню. У той самы час прыватны сектар можа аказаць істотную падтрымку эканамічнаму росту", – дадаў К.Бэл і адзначыў, што ў Беларусі доля прыватнага сектара складае блізу 25% ВУП.
Ён таксама выказаўся за дзяржпадтрымку прыватнага сектара, бо "цяпер значная доля дзяржаўнага фінансавання сыходзіць у непрадуктыўныя галіны".
Рэзюмуючы сітуацыю, К.Бэл заклікаў урад правесці комплексныя адміністрацыйныя рэформы, якія будуць садзейнічаць развіццю прыватнага бізнэсу. Ён таксама лічыць мэтазгодным знізіць узровень умяшання дзяржавы ў дзейнасць інвестараў. Пры гэтым "рост прыватнага сектара – гэта асноўная ўмова для прыцягнення інвестыцый не толькі з боку міжнароднай фінансавай карпарацыі, але і з боку іншых інвестараў".
Аналагічны пункт гледжання выказаў, выступаючы на паседжанні, дырэктар тэрытарыяльнага аддзела ЕБРР па Беларусі, Малдавіі і Каўказу Майкл Дэйві. Ён лічыць, што лібералізацыя ў сферы вытворчасці будзе спрыяць прыцягненню замежных інвестыцый. У прыватнасці, М.Дэйві лічыць, што прыватызацыя прывабных актываў дасць сігнал інвестарам пра пачатак трансфармацыйных працэсаў. "Прыватызацыя – гэта найважнейшы крок з камерцыйнага пункту гледжання", – дадаў ён. На яго думку, "Беларусь геаграфічна выдатна размешчаная, гэта тое месца, куды трэба інвеставаць, але ўрад павінен развеяць боязь інвестараў".