Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Юшчанка патрабаваў ад Януковіча сумеснага звароту ў Канстытуцыйны суд 11:26, 30/03/2007
Прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка патрабуе ўжо сёння сфармаваць сумесны зварот ад прэм’ер-міністра і Прэзідэнта ў Канстытуцыйны Суд наконт імператыўнага мандата, паведамляе “Корреспондент.net”. Як паведаміла прэс-сакратарка кіраўніка дзяржавы Ірына Ваннікава, гаворка ідзе найперш пра прыняцце палітычнага рашэння аб адказнасці дэпутатаў за выхад з фракцыі, гэта значыць – пра закон аб імператыўным мандаце.
“Толькі гэта захавае легітымнасць існавання кааліцыі і забяспечыць гарантыі дзейнасці апазіцыі, – лічыць Прэзідэнт”, – паведаміла прэс-сакратарка.
Юшчанка бачыць падставы для нелегітымнасці кааліцыі Вярхоўнай Рады і сфармаванага ёй Кабінета міністраў. Прэзідэнт аргументуе гэта тым, што кааліцыя фармуецца дэпутатамі індывідуальна, а па Канстытуцыі яе складаюць фракцыі.
Як паведамлялася, Юшчанка адклаў палітычныя кансультацыі з старшынёй Вярхоўнай Рады Аляксандрам Марозам і лідэрамі дэпутацкіх фракцый парламента, якія павінны былі пачацца сёння а 10 гадзіне.
Учора ўвечары кіраўнік Сакратарыята Прэзідэнта Віктар Балога паведаміў, што Прэзідэнт правядзе палітычныя кансультацыі і ў пятніцу, 30 сакавіка, і ў панядзелак, 2 красавіка.
29 сакавіка, у вярхоўнай радзе адбыўся сход народных дэпутатаў. Як адзначыў першы намеснік Старшыні Вярхоўнай Рады Адам Мартынюк, гэта "не сход кааліцыі, а сход народных дэпутатаў Украіны".
Паседжанне пачалося з паведамлення Адама Мартынюка пра тое, што ў Сакратарыяце ёсць праект указу Прэзідэнта Віктара Юшчанкі, у якім пазачарговыя выбары Вярхоўнай Рады Украіны прызначаныя на 27 траўня. Сам Мартынюк лічыць дадзены ўказ пазапраўным.
Падчас паседжання намеснік Старшыні фракцыі Партыі рэгіёнаў Васіль Кісялёў паведаміў, што дэпутаты "збіраюць подпісы пад законапраектам, які не дазволіць Прэзідэнту Украіны распусціць Вярхоўную Раду".
Прэм’ер-міністр Віктар Януковіч перакананы, што Юшчанка не распусціць Раду. Такога самага меркавання прытрымліваецца і спікер Аляксандр Мароз.
Заўтра Прэзідэнт плануе ўзяць удзел у з’ездзе партыі Народны Саюз «Наша Украіна».