Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Туркменбашы Другі захоплівае ўладу 11:14, 30/03/2007
Прэзідэнт Туркменіі Гурбангулы Бердымухамедаў стаў старшынёй Народнага савета – вышэйшага прадстаўнічага органа краіны. Як паведамляе ІТАР-ТАСС, яго кандыдатуру аднагалосна падтрымалі на 20-м паседжанні Савета. Цяпер "Туркменбашы Другі" трымае ў сваіх руках прэзідэнцкую, заканадаўчую і выканаўчую ўладу.
Дагэтуль пасля прыходу Бердымухамедава да ўлады ў Туркменіі заставаўся вакантным толькі гэты дзяржаўны пост. Аднак цяпер, стаўшы старшынёй Народнага савета, Гурбангулы Бердымухамедаў, як і яго папярэднік Сапармурат Ніязаў, засяродзіў у сваіх руках прэзідэнцкую, заканадаўчую і выканаўчую ўладу ў краіне. Да гэтага па Канстытуцыі Туркменістана ён таксама ўзначаліў кабінет міністраў.
Між іншым Народны савет на сваім паседжанні збіраецца вырашаць і іншыя важныя для краіны пытанні. Напярэдадні Бердымухамедаў заявіў, што ўлады будуць распрацоўваць "трывалую заканадаўчую базу аграпрамысловага комплексу, якая забяспечыць стабільны рост вытворчасці збожжа, бавоўны і іншай сельскагаспадарчай прадукцыі".
Туркменскі лідэр адзначыў, што ініцыятыва абмеркавання на Народным савеце пытанняў рэфармавання АПК належыць Вялікаму Сардару (правадыру) – так завуць першага прэзідэнта краіны Сапармурата Ніязава. Незадоўга да смерці Ніязаў канстатаваў фактычны зрыў засеўкаў збожжа і невыкананне дзяржаўнага плану нарыхтоўкі бавоўны-сырца.
Цяпер новая ўлада плануе прыняць рэдакцыі законаў "Аб арчынах" (кіраўніках сельскай суполкі), "Аб дайханскіх (сялянскіх) аб’яднаннях", а таксама "Аб дайханскай гаспадарцы". Гэтыя дакументы ўжо апублікаваныя ў друку. Вялікая ўвага надавалася пытанням своечасовай аплаты працы сельгасвытворцаў, шмат з кім дзяржава не разлічылася за мінулы год, адзначае ІТАР-ТАСС.
Паседжанне Народнага савета праходзіць у горадзе Мары – цэнтры найбуйнейшай сельскагаспадарчай вобласці краіны. Туды з’ехаліся больш як 2500 народных прадстаўнікоў, якія напярэдадні ўзялі ўдзел у адкрыцці помніка Сапармурату Ніязаву.