Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Парушальнікаў закона «Аб абароне інфармацыі» прыцягнуць да крымінальнай адказнасці 14:09, 30/03/2007
Падчас вясновай сесіі так званая палата прадстаўнікоў разгледзіць законапраект “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі”. “Законапраект вызначае галоўныя кірункі ў гарантаванні інфармацыйнай бяспекі дзяржавы, грамадзянаў і арганізацый. Прычым прававы рэжым інфармацыі і інфармацыйных рэсурсаў усталёўваюцца з улікам прабелаў у заканадаўчай базе. Такіх, напрыклад, як умовы доступу грамадзянаў да адкрытай публічнай інфармацыі, парадак абмену інфармацыяй, адказнасць інфармацыйных пасярэднікаў”, – заявіў намеснік старшыні “палаты прадстаўнікоў” Сяргей Забалоцец у інтэрв`ю інфармацыйнаму агенцтву "Інтэрфакс".
Па словах Забалотца, у дадзеным законапраекце зафіксавана, што забараняецца выкарыстоўваць права на інфармацыю для гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, прапаганды вайны, гвалту і жорсткасці, здзяйснення супрацьпраўных дзей. Законапраектам забараняецца распаўсюджваць інфармацыю, якая замахваецца на маральнасць, гонар, годнасць, дзелавую рэпутацыю грамадзянаў і юрыдычных асоб.
“Да вінаватых у парушэнні гэтых і іншых патрабаванняў, прадугледжаных заканадаўствам, будуць ужывацца меры дысцыплінарнай, адміністрацыйнай або крымінальнай адказнасці”, – паведаміў Забалоцец.