Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Моладзевага актывіста арыштавалі на 7 сутак 14:58, 02/04/2007
2 красавіка ў судзе Ленінскага раёну адбыўся разгляд справы Антона Ўсьцімчука, якога прэвэнтыўна затрымалі яшчэ 24 сакавіка дый зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня на двое сутак.
Хлопцу закідваюць парушэньне артыкула 17.1 новага Адміністрацыйнага кодэксу. Рапарты міліцыянтаў традыцыйныя: "ішоў, крычаў, размахваў рукамі, мацерна лаяўся". Тыдзень таму юнак заявіў, што справа мае палітычны характар дый запатрабаваў адваката, з-за чаго разбіральніцтва перанесьлі. Гэтым разам зьявіліся ў суд і абаронца, і сьведкі здарэньня, але гэтае мала на што паўплывала, паведаміла “Радыё Рацыя”.
Суддзя Сьвятлана Бурака двойчы абвяшчала перапынак, спачатку на 30 хвілінаў, потым на пяць, кудысьці выходзіла дый заўважна хвалявалася, асабліва падчас выступу адваката. Але ў рэшце рэштаў яна вынесла свой вэрдыкт, што выклікаў шок у грамады, якая запоўніла судовую залю амаль поўнасьцю — сем сутак арышту.
Відавочна, да такога разьвіцьця падзеяў не былі падрыхтаваныя нават міліцыянты. З будынку суду Ўсьцімчук адправіўся дахаты, бо не знайшлося ніводнага канвойнага. Цяпер хлопец, якому застаецца адсядзець яшчэ пяць сутак, чакае позву-запрашэньне яшчэ раз наведаць магілёўскі ізалятар часовага ўтрыманьня.