Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Валянцін Стэфановіч: «Інтэрнэт-сайты не з`яўляюцца сродкам масавай інфармацыі» 14:49, 03/04/2007
Вядомы праваабаронца Валянцін Стэфановіч упэўнены, што дзеянні ўлад у дачыненні апазіцыйнага лідэра Андрэя Клімава маюць пазапраўны характар. “Дзеянні пракуратуры выклікаюць здзіўленне. Артыкул быў апублікаваны ў Інтэрнэце, а ў Законе аб СМІ інтэрнэт-сайты не з’яўляюцца сродкам масавай інфармацыі. Гэта толькі спрабуюць зрабіць у новай рэдакцыі закона. Варта адзначыць, што такія справы ўжо былі. Інфармацыю, размешчаную ў Інтэрнэце, класіфікавалі як «распаўсюджванне інфармацыі, якая змяшчае паклёп у дачыненні прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Тут можна ўзгадаць пра справу Віктара Івашкевіча і газеты “Рабочы”, справа аб мультфільмах пра Лукашэнку. Такая пазапраўная практыка ў нас ужо склалася”, – заявіў праваабаронца ў інтэрв’ю прэс-цэнтру Хартыі’97 .
Праваабаронца адзначае, што ў еўрапейскіх краінах артыкула, якія прадугледжваюць адказнасць за распаўсюджванне інфармацыі, выключаюць з крымінальных кодэксаў.
“Гэта адносіцца да грамадзянскай адказнасці. Тым больш, што тычыцца такіх артыкулаў як «паклёп» або «абраза» прэзідэнта, таму прэзідэнт з`яўляецца публічнай асобай і тут зусім іншыя межы дазволенага для журналістаў і грамадства. Можна сказаць, што нават у нашых самых блізкіх суседзяў, якія не ўваходзяць у Еўразвяз, такіх артыкулаў няма. Напрыклад, у Расеі або ва Украіне. Гэта абсалютны нонсэнс”, – сказаў Валянцін Стэфановіч.
Раніцай 3 красавіка ў Менску быў арыштаваны палітык Андрэй Клімаў. Супрацоўнікі міліцыі даставілі яго ў пракуратуру горада Менска. Яму інкрымінуецца злачынства, прадугледжанае артыкулам 361 Крымінальнага кодэкса Беларусі (заклікі праз сродкі масавай інфармацыі да гвалтоўнага звяржэння дзяржаўнага ладу). Падставай для крымінальнай справы стала публікацыя Андрэя Клімава, размешчаная на інтэрнэт-сайце Аб`яднанай грамадзянскай партыі пад загалоўкам «Revolution forever або Як правільна разбіраць цыганскага кабана ў год свінні». У артыкуле Андрэй Клімаў піша пра дачыненне Аляксандра Лукашэнкі да выкрадання і забойстваў лідэраў беларускай апазіцыі.