|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Пра ўмовы ўтрыманьня Андрэя Клімава пакуль нічога невядома 17:29, 04/04/2007 “Пакуль я да яго не зьвярталася. Ён учора мне патэлефанаваў сам, пасьля шасьці вечара ўжо, і сказаў, што мой муж затрыманы і зьмешчаны ў ізалятар. А да таго часу ніхто ў сьледчым аддзеле пракуратуры ня браў слухаўкі”, -- паведаміла жонка палітвязьня для “Радыё Свабода”. Таццяна Клімава мяркуе, што сьледчыя пракуратуры наўмысна паведамілі ў некаторыя мэдыі пра завядзеньне крымінальнай справы супраць яе мужа, каб заманіць яго ў пракуратуру. “Яго пра завядзеньне справы ніхто афіцыйна не інфармаваў. Ён даведаўся з інтэрнэту і сам пайшоў разьбірацца”, – кажа Таццяна. Пачуць тлумачэньні ад супрацоўнікаў сьледчага аддзелу пракуратуры Менску А.Клімаву не ўдалося – тэлефоны не адказвалі. Толькі ў сьнежні Андрэй Клімаў вярнуўся з “хіміі”, якую адбываў у Гомельскай вобласьці. Чым ён зьбіраўся заняцца бліжэйшым часам? Паводле Таццяны Клімавай, яе муж разам з кампаньёнамі плянаваў распачаць камэрцыйны праект у Маскве, і ягоныя далейшыя пляны таксама былі зьвязаны з Масквой. “Ён толькі прыехаў з Масквы і зьбіраўся зноў туды. Клапаціўся пра пераезд, вырашаў арганізацыйныя пытаньні. Хадзіў, ні ад каго не хаваўся”, -- кажа Таццяна. Тацяна Клімава паведаміла, што ў канцы траўня разам зь дзецьмі таксама зьбіралася перабрацца да Андрэя ў Маскву. Чарговы перасьлед мужа Тацяна Клімава тлумачыць асаблівасьцямі беларускага кіраўніцтва. “Гэта яўна памоцненае хваравітае стаўленьне рэжыму да асобы майго мужа”, -- упэўненая жанчына. З 1998-га да 2002-гі году Андрэй Клімаў адбыў пакараньне паводле абвінавачаньня ў эканамічных злачынствах, хаця сам ён і шмат хто ў Беларусі мяркуе, што зь ім паквіталіся за актыўнасьць у арганізацыі імпічмэнту Аляксандру Лукашэнку. Другі раз Андрэй Клімаў быў пакараны абмежаваньнем волі за арганізацыю вулічнай акцыі 25 сакавіка 2005 году. З “хіміі” спадар Клімаў выйшаў у канцы 2006 году. Палітык ужо правёў за кратамі 5,5 гадоў і цяпер яму пагражае зьняволеньне тэрмінам да 5 гадоў. Са слоў Тацяны Клімавай, днямі мае быць вызначана, хто з адвакатаў будзе абараняць Андрэя Клімава.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|