Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Незалежны прафсаюз гарнякоў прыпыняе акцыю пратэсту супраць прыняцця закона “Аб прафесійным пенсійным страхаванні”, які адмяняе выплату датэрміновых пенсій для працаўнікоў, якія працягваюць працаваць у шкодных умовах працы, паведамляе www.praca-by.info. На такі крок прафсаюз пайшоў пасля таго, як стала вядома, што дэпутаты «палаты прадстаўнікоў» вырашылі адкласці разгляд дадзенага законапраекта на пазнейшы тэрмін.
«Парламенцкая камісія мае намер дадаткова папрацаваць над дадзеным законапраектам разам з зацікаўленымі міністэрствамі і ведамствамі, каб аптымальна ўлічыць пажаданні і заўвагі асобных дэпутатаў і грамадзянаў», – паведаміў у інтэрв`ю дзяржаўнаму агенцтву БелТА «дэпутат» Сяргей Камянецкі.
Акрамя таго, па словах старшыні НПГ Мікалая Новіка, 3 красавіка кіраўніцтва ПА «Беларуськалій» узгадніла і падпісала загад аб падвышэнні на 25% заработнай платы ўсім працаўнікам аб`яднання, якія адносяцца да менш аплачванай катэгорыі.
Гэта таксама было адным з патрабаванняў, высунутых актывістамі НПГ.
«Мы не адмяняем, а прыпыняем акцыю пратэсту, бо па-ранейшаму застаецца пагроза, што нашы сябры могуць пазбавіцца датэрміновых пенсій. Нас пераканаўча запэўнілі ў тым, што з парадку дня вясновай сесіі гэтае пытанне знятае. Але мы не ведаем, як гэтая сітуацыя будзе развівацца далей», – сказаў Мікалай Новік. Ён таксама дадаў, што рашэнне адміністрацыі падвысіць зарплаты працаўнікам абагачальных фабрык, якога НПГ дамагаўся працяглы час, не можа не радаваць.
Нагадаем, у сакавіку НПГ і пяршоўка «Белхімпрафсаюза» працаўнікоў ПА «Беларуськалій» падалі заяўкі ў салігорскі гарвыканкам на правядзенне масавай акцыі пратэсту супраць прыняцця закона, які бы пагоршыў становішча пенсіянераў, што працягваюць працаваць у шкодных умовах працы.