Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Спецпрадстаўнік МЗС Беларусі па ўзаемадзеянні з еўраструктурамі Сяргей Гайдукевіч прызнаўся “Нямецкай хвалі”, што Еўропа не хоча пачуць адказы на пастаўленыя ёю пытанні. “Я, напрыклад, напісаў ліст і Вярхоўнаму Камісару Хаўеру Салане, і шматлікім міністрам замежных спраў краін Еўрапейскага Звяза. Паведаміў, што мы гатовыя пачынаць дыялог, і ў мяне ёсць адказы на ўсе пытанні, пастаўленыя Еўразвязам. Чым хутчэй пачнецца гэты працэс, тым менш, пэўна, будзе розных непаразуменняў. Я зацікаўлены, каб насамрэч пайшлі нейкія сур`ёзныя дэмакратычныя ператварэнні ў Беларусі. Але Брусэль маўчыць. Дата выезду майго дагэтуль удакладняецца. Не магу зразумець: зададзеныя пытанні, а адказы ніхто не хоча пачуць? Я гатовы ў любы час, хоць заўтра, выехаць у Брусэль, у Парыж – куды будзе трэба”, – гаворыць Гайдукевіч.
Што адказвае Еўропа на скаргі Гайдукевіча? На пытанні “Нямецкай хвалі” адказвае старшыня працоўнай групы ПА АБСЕ і кіраўніца парламенцкай групы Бундэстага “Нямеччына – Беларусь” Ута Цапф.
“О, гэта сапраўдная драма. Вось небарака!” – так адрэагавала Ута Цапф на заяву Сяргея Гайдукевіча пра тое, што яго не запрашаюць у Еўропу на сустрэчу з прадстаўнікамі еўраструктур. Яна выказала здагадку, што Еўропа, магчыма, не прымае яго сур`ёзна:
“Яго прызначылі, але дагэтуль незразумела для якіх мэт пэўна – для ажыццяўлення перамоваў паміж парламентамі або для сустрэч з прадстаўнікамі еўрапейскіх арганізацый”.
Спадарыня Цапф працягвае:
“Я сапраўды не ведаю, што мае на ўвазе спадар Гайдукевіч пад бюракратычнымі перашкодамі. Ён быў прызначаны прэзідэнтам Беларусі ў якасці сувязнага паміж Еўропай і беларускай уладай. Напрыклад, мне не вядома ніякіх бюракратычных перашкод ні ў ЕЗ, ні ў асобных еўрапейскіх краінах, якія б тычыліся Беларусі”.
Яна выказала здагадку, што Сяргей Гайдукевіч спасылаецца на забаронныя меры, датычныя пэўных беларускіх службоўцаў. Існуе таксама загад, якога прытрымліваюцца парламенты асобных дзяржаў – не ўсталёўваць ніякіх прамых кантактаў з беларускім нелегітымным “парламентам”. Аднак гэтая ініцыятыва асобных краін, а не агульная пазіцыя, падкрэслівае спадарыня Цапф.
Існуюць праекты аб абмене досведам паміж краінамі, а таксама паміж асобнымі парламентамі, гаворыць яна і прыводзіць прыклад візіту ў Менск дэлегацыі парламента зямлі Брандэнбург, які адбыўся ў канцы сакавіка.
“Мне невядомыя выпадкі, каб Еўропа ўхілялася ад дыялогу з Беларуссю, наадварот, мы ўвесь час робім спробы яго пачаць”, – падагульніла спадарыня Цапф, выказаўшы здагадку, што спецпрадстаўнік МЗС Беларусі падыгрывае рэжыму і спрабуе перакласці віну на Еўропу.