|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Амбасадарка Францыі: «У Беларусі не павінна быць палітвязняў» 16:52, 06/04/2007
– Вы ў Беларусі знаходзіцеся амаль 4 месяца. Якія ў вас ужо склаліся ўражанні пра нашу краіну? Ці падобная Беларусь чымсьці на тыя краіны, у якіх вам давялося бываць або працаваць? – Пакуль я паспела пазнаёміцца толькі з беларускай сталіцай. Я знаходжу Менск даволі прыгожым і дагледжаным горадам. Калі ляжаў снег, то ён надаваў будынкам нейкую казачнасць. У прынцыпе, Беларусь адрозніваецца ад іншых краін, дзе я працавала, сваімі лясамі, азёрамі, прасторамі, гэта значыць дзіўнай прыродай. Вядома, у Францыі і іншых краінах таксама ёсць лясы, азёры, але не ў такіх маштабах як у Беларусі. На блізкі час прызначаныя паездкі ў правінцыю, і я мае намер яшчэ бліжэй пазнаёміцца з вашай краінай. – Прымаючы даверчыя граматы амбасадара Францыі, А. Лукашэнка выказаў упэўненасць у тым, што Францыя зойме ўзважаную пазіцыю падчас наладжвання усебаковага дыялогу Беларусі з аб`яднанай Еўропай. Якія задачы Вы лічыце найбольш важнымі ў сваёй дзейнасці? – Францыя займае ўзважаную і абдуманую пазіцыю ў дачыненні Беларусі, як і іншыя сябры Еўразвяза. Мы хочам, каб беларусы маглі карыстацца тымі выгодамі і правамі, што і іншыя краіны Еўропы. У прыватнасці, гэта свабода меркаванняў, свабода сходаў, свабода сродкаў масавай інфармацыі, захаванне правоў чалавека… Акрамя таго, у краіне не павінна быць палітвязняў. Гэта ўніверсальныя каштоўнасці ўсіх еўрапейскіх краін. Мы спадзяемся, што трансфармацыі ў дадзеным кірунку адбудуцца, і што дэмакратычныя каштоўнасці стануць набыткам грамадзянаў Беларусі. Мы хочам падтрымаць Беларусь на шляху да пераменаў, каб яна заняла належнае месца ў еўрапейскай сям`і. – Якія сферы беларуска-французскага супрацоўніцтва Вы лічыце прыярытэтнымі на дадзены момант? – Мы вітаем усе формы супрацоўніцтва. Нядаўна беларускі бок выказаў пажаданне паглыбіць супрацоўніцтва ў эканамічнай сферы. Мы таксама гэтага хочам. Але ў Беларусі павінны быць створаныя адпаведныя ўмовы. Трэба, каб прававыя рамкі былі стабільнымі, каб заканадаўства не змянялася кожны дзень і не мела зваротнай сілы. На сёння ў вашай краіне вельмі шмат бюракратычнага кантролю ў сферы эканомікі. Усе бізнэсмэны хочуць мець пэўныя гарантыі пры вядзенні бізнэсу ў Беларусі і найперш гарантыі ў сферы інвестыцый. Бізнэс павінен будавацца на зразумелых усім умовах рынкавай эканомікі, прынятых у развітых краінах. Я лічу, што Беларусь сама зацікаўленая ў такіх рэформах у эканоміцы, каб надалей ёй было лягчэй уліцца ў супольнасць еўрапейскіх краін. Акрамя таго, я хацела б развіваць нашы культурныя праграмы. У гэтай сферы паміж нашымі краінамі ўжо шмат зроблена, але мне здаецца, што патэнцыял у сферы культуры яшчэ не вычарпаны. – У СМІ шмат пра тое, што Беларусь і Францыя абмяркоўваюць пытанні супрацоўніцтва ў будаўніцтве АЭС. Наколькі рэальны гэты праект? Як вы ўвогуле ставіцеся да ўзвядзення такіх аб`ектаў у краіне, якая пацярпела ад Чарнобыля? – Абсалютна верна. Нядаўна беларуская дэлегацыя знаходзілася з працоўным візітам у Францыі. Сярод іншых пытанняў, з адной прыватнай французскай кампаніяй абмяркоўваліся і перспектывы будаўніцтва АЭС у Беларусі. Як вы ведаеце, працэс узвядзення атамнай электрастанцыі даволі доўгі, займае некалькі гадоў, патрабуе ад дзяржавы, на тэрыторыі якой будзе размяшчацца станцыя, падвышанай адказнасці. Пасля атрымання запыту фірма сама будзе прымаць рашэнне наконт будаўніцтва АЭС, зыходзячы з сваіх магчымасцяў, бо гэтая кампанія атрымоўвае вельмі шмат заказаў па ўсім свеце. І гэта не дзіўна, бо яна валодае вялікім досведам у гэтай сферы. Акрамя таго, кожная краіна, якая бярэцца будаваць АЭС, павінна ўзгадніць пытанні з МАГАТЭ, якая звязвае дзяржавы пэўнымі абавязкамі, а таксама загадзя падрыхтаваць высокакваліфікаваных спецыялістаў для абслугоўвання станцыі. Далей усё будзе залежыць ад таго, як усе гэтыя ўмовы будуць рэалізаваныя на мясцовым узроўні. Таму, паўтаруся, будаўніцтва АЭС – вельмі працяглы працэс. Варта адзначыць, што Беларусь сур’ёзна пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС і перажывае яе наступствы дагэтуль. Таму ў жыхароў Беларусі абавязкова павінны спытаць пра іх думкі з нагоды будаўніцтва АЭС і прапанаваць альтэрнатыўныя варыянты атрымання энергіі. Напрыклад, адным з такіх варыянтаў можа быць развіццё супрацоўніцтва з суседнімі краінамі, якія могуць пастаўляць энергію. – Сёння ў Беларусі палітыкі вельмі шмат кажуць пра рашэнне дэмаграфічнай праблемы. Разам з тым у нядаўнім інтэрв`ю нашаму парталу вядомы расейскі дэмограф Сяргей Захараў ставіў у прыклад Францыю, дзе рашэнню дэмаграфічных пытанняў надаецца вялікае значэнне. Распавядзіце, калі ласка, пра гэта больш падрабязна. –На пачатку ХХ стагоддзя Францыя перажывала сур`ёзныя цяжкасці ў гэтай сферы. Падчас першай сусветнай вайны Францыя панесла сур`ёзныя страты сярод мужчынскага насельніцтва. З тых часоў дэмаграфічнае пытанне вельмі важнае для нас. Сёння ў нашай краіне ўзровень нараджальнасці самы высокі ў Еўропе. Аднак мы не ведаем, чаму гэта адбываецца, бо сфера дэмаграфічных пытанняў вельмі ірацыянальная. Вы, пэўна, ведаеце, што ў Францыі ёсць некаторыя эканамічныя цяжкасці, звязаныя, у тым ліку, і з беспрацоўем. Аднак у суседніх краінах, дзе сітуацыя на рынку працы складаецца больш паспяхова, узровень нараджальнасці ніжэйшы. Верагодна, у Францыі праводзіцца больш разумная палітыка ў дачыненні маладых сем`яў. Пры нараджэнні дзіцяці выплачваецца адначасовая дапамога. А потым, да дасягнення дзіцем паўнагадовага ўзросту, выплачваюцца штомесячныя датацыі, велічыня якіх залежыць ад колькасці дзяцей у сям`і. У адрозненні ад суседніх краін, у Францыі ёсць магчымасць аддаваць дзяцей у школу ў раннім узросце, з трох-чатырох гадоў. Гаворка ідзе пра паўнавартасныя школы, дзе дзеці пачынаюць атрымоўваць веды. Для зусім маленькіх дзяцей існуюць яслі. Усё гэта дазваляе жанчынам больш часу надаваць сабе. У Францыі больш 80 адсоткаў жанчын, якія дасягнулі працаздольнага ўзросту, – працуюць. Гэта самы высокі паказчык у Еўропе. Гэта таксама звязана з тым, што ў іх ёсць магчымасць выбіраць, колькі працаваць – поўны тыдзень або некалькі дзён. Пры гэтым пытанне дэмаграфіі застаецца вельмі складаным, каб на яго можна было даць адназначны адказ. – 25 сакавіка споўнілася 50 гадоў з дня стварэння ЕЗ. Ці згодны вы з меркаваннем, што "правал французскага рэферэндуму па канстытуцыі Еўразвяза практычна паралізаваў еўрапейскую інтэграцыю, і сёння ролю лідэра ў аб`яднанні Еўропы ў Францыі перахапляе Нямеччына"? – "Не", сказанае французамі на рэферэндуме, стала вельмі негатыўнай падзеяй для ЕЗ. Адзначу, што супраць прагаласавала і Галандыя. Магу выказаць здагадку, што калі б рэферэндумы адбыліся ў іншых краінах, то вынік быў бы аналагічным. Але ў гэтых краінах рашэнне прымалася на парламенцкім узроўні. А дэпутаты больш свядомыя ў пытаннях станаўлення Еўразвяза, чым звычайныя жыхары. Францыя і Галандыя пайшлі на рызыку і хацелі паказаць, што гэтае пытанне не павінна вырашацца аднабаковым палітычным рашэннем, а шляхам волевыяўлення народа, які гэтаксама павінен быць адказным за працэсы, што адбываюцца ў ЕЗ. Разам з тым, гэтыя падзеі сталі прычынай некаторых эканамічных цяжкасцяў. Шмат хто разлічваў на Брусэль. У прыватнасці ў тым, што тычыцца паніжэння ўзроўню беспрацоўя. У цэлым, эканамічныя пытанні – гэта першае, што хвалюе еўрапейскіх грамадзянаў у такой сітуацыі. На мой погляд, французскія ўлады не дастаткова растлумачылі насельніцтву значнасць Еўрапейскай канстытуцыі для развіцця ЕЗ. Гэты дакумент быў вельмі грувасткім і складаным для разумення. Шмат хто нават не здолелі яго цалкам прачытаць. Тэкст Канстытуцыі павінен быў быць прасцейшым і засяроджаны на асноўных палітычных пытаннях. Акрамя таго, існавала дэмагогія апазіцыі, якая сцвярджала, што гэтыя пытанні могуць быць вырашаныя інакш, іншым шляхам. Гэта была абуральная хлусня з яе боку. Яны выдатна разумелі, што такія пытанні не могуць быць вырашаныя інакш. Тады ж выявілася і няўдзячнасць еўрапейцаў, якія забылі што для іх зрабіў Еўрапейскі Звяз за гэтыя 50 гадоў, што дзякуючы ЕЗ былі ўсталяваныя мір і росквіт. На сёння ўсе гэтыя дасягненні здаюцца звычайнымі і ўспрымаюцца як належнае. Увогуле, пытанне прыняцця Еўрапейскай канстытуцыі вельмі складанае, але трэба заставацца аптымістамі. Трэба памятаць, што Еўрапейскі Звяз паступова развіваўся дзякуючы нязменным крызісам. Краінам з шматвяковымі традыцыямі вельмі цяжка адмовіцца ад часткі свайго суверэнітэту. Францыя таксама задаецца пытаннем пра сваю будучыню і нацыянальную ідэнтычнасць. Гэта добра відаць напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Я спадзяюся, што з прыходам да ўлады новага прэзідэнта, Францыя, а разам з ёй і Еўразвяз, атрымаюць новае дыханне ў развіцці. – У самыя блізкія дні ў шматлікіх краінах свету будуць адзначаць такое светлае свята, як Вялікдзень. Чым плануеце займацца ў гэты час, спадарыня амбасадарка? – Я буду ў Менску. Спачатку схаджу ў касцёл, бо я каталічка, а потым адпраўлюся ў праваслаўную царкву. Раней мне даводзілася працаваць у некалькіх праваслаўных краінах і цяпер для мяне наведванне праваслаўнай царквы – гэта даніна павагі да мясцовай культуры і традыцыяў. Даведка Мірэй Мюсо нарадзілася 28 студзеня 1945 года. Мае чын паўнамоцнага міністра 2-га класа. Працавала на дыпламатычных пасадах у амбасадах Францыі ў Грэцыі, Аўстрыі і Грузіі, дарадцай у пастаяннай камісіі Францыі ў Паўночна-Атлантычнай радзе ў Брусэлі. Валодае нямецкай, ангельскай, грэцкай і расейскай мовамі. Мае дыпломы аб вышэйшай адукацыі ў галіне філалогіі, аб заканчэнні Інстытута палітычных навук, аб вышэйшай спецыяльнай адукацыі ў галіне абароны і дыпломы Нацыянальнай школы ўсходніх моў. З`яўляецца кавалерам нацыянальнага ордэна "За заслугі" і ордэна Ганаровага легіёна. Амбасадарам Францыі ў Беларусі прызначаная ў снежні 2006 года. Даверчыя граматы ўручыла прэзідэнту Беларусі 13 лютага 2007 года.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|