Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Людзі выйдуць на вуліцу супраць кантрактнай сістэмы 15:45, 06/04/2007
Актывісты руху за адмену кантрактнай сістэмы найму гатовыя правесці арганізацыйны сход ініцыятыўнай групы на свежым паветры. Пацярпеўшы няўдачу ў пошуках памяшкання, яны падалі заяўку ў Менскі гарвыканкам з просьбай дазволіць ім сабрацца 15 красавіка на плошчы Бангалор, паведамляе сайт www.praca-by.info.
Лідэр Беларускага прафсаюза працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП), аднаго з ініцыятараў кампаніі за адмену прымусовых кантрактаў, Генадзь Фядыніч паведаміў, што ў склад ініцыятыўнай групы ўвайшлі самыя розныя людзі: сябры прафсаюзаў, партый, беспартыйныя, працоўныя і службоўцы, і нават пенсіянеры і хатнія гаспадыні. Усіх іх турбуе лёс беларускіх працаўнікоў, якія патрапілі пад ярмо кантрактнай сістэмы.
Генадзь Фядыніч таксама распавёў, што, на ўсялякі выпадак, была пададзеная яшчэ адна заяўка ў гарвыканкам на правядзенне сходу ў парку “50-годдзя Кастрычніка”. Актывісты спадзяюцца ўсё-ткі атрымаць дазвол улад, каб выканаць усталяваную заканадаўствам працэдуру і рэалізаваць права заканадаўчай ініцыятывы грамадзянаў.
На арганізацыйным сходзе плануецца стварыць ініцыятыўную групу і зацвердзіць ужо распрацаваны праект змен у заканадаўства. Пасля сходу арганізатары павінны будуць падаць спіс сяброў ініцыятыўнай групы ў Цэнтрвыбаркам для праверкі і рэгістрацыі. Пасля пачнецца збор подпісаў.
Генадзь Фядыніч упэўнены, што сабраць неабходныя 50 тысяч подпісаў не будзе складана.
– Пераважная большасць жыхароў краіны незадаволеныя кантрактнай сістэмай, якая ператварыла людзей у нямых рабоў. Працаўнік стаў цалкам залежаць ад волі наймальніка, і такую сітуацыю трэба змяняць, – заявіў лідэр РЭП.