|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Юлія Цімашэнка: Мы на шляху да сапраўднай дэмакратыі 14:52, 06/04/2007 Нечакана Украіна апынулася перад чарговым вырашальным выбарам: распусціць урад і парламент і правесці новыя выбары або ўбачыць, як незалежнасць краіны памаленьку здае пазіцыі. Акрамя таго, аднавіліся гутаркі пра буйныя грамадскія хваляванні. Усё гэта не павінна здзіўляць, улічваючы тое, як нашы карумпаваныя кіраўнікі сістэматычна распальваюць міжрэгіянальную і этнічную нянавісць. Некаторыя кажуць, што рашэнне прэзідэнта Віктара Юшчанкі на гэтым тыдні распусціць урад прэм`ер-міністра Віктара Януковіча было неапраўданым. Яны памыляюцца. Дзеянні Юшчанкі былі неабходныя, бо ўрад Януковіча, напроста парушаючы закон, рыхтаваў канстытуцыйны пераварот, які пазбавіў бы прэзідэнта пакінутых у яго паўнамоцтваў па кантролі паліцыі і войска. Альбо прэзідэнт павінен быў дзейнічаць цяпер, альбо Украіна вярнулася б да абсалютнай улады крымінальных кланаў, якая існавала да нашай "памаранчовай рэвалюцыі" 2004 года. Я не была згодная з рашэннем Юшчанкі прызначыць Януковіча прэм`ер-міністрам пасля леташніх парламенцкіх выбараў. Я ведала, што суіснаванне дэмакратычна настроенага прэзідэнта з тым самым чалавекам, які спрабаваў сабатаваць апошнія прэзідэнцкія выбары, справакуе інстытуцыянальны параліч і палітычны хаос. Так яно і выйшла. Аднак асноўны недахоп такога суіснавання быў у тым, што яно падрывала дэмакратычны працэс. Украінскім дэмакратам, якія выйгралі тагачасныя выбары, было адмоўлена ў голасе і месцы ў парламенце. Юшчанка працягнуў руку сваім ворагам з найлепшымі намерамі, каб загаіць нашы нацыянальныя раны. Наўзамен, дамова аб кіраванні, якую ён склаў з Януковічам, парушалася на кожным кроку. Новыя выбары адновяць дэмакратычны выбар – і вернуць да жыцця нашу дэмакратыю. Еўропа і астатні свет, зразумела, маюць прычыны для турботы. Аднак Украіна значна змянілася пасля "памаранчовай рэвалюцыі". Нават тыя еўрапейцы, якія – памылкова – мяркуюць, што ў постсавецкіх дзяржавах дэмакратыя дрэнна прыжываецца, павінны прызнаць, што цяпер наш народ адчуў сваю сілу. Краіна, якая так нядаўна вырвалася з аднаго перыяду дыктатуры, не стане добраахвотна пагаджацца на іншы такі перыяд пад кіраўніцтвам чалавека, які спрабаваў сфальсіфікаваць выбары ў 2004 годзе. Эканамічны рост пасля "памаранчовай рэвалюцыі" ўзмацняе гэты супраціў, бо сярэдні клас амаль заўсёды аддае перавагу гнуткасці плюралізму, а не хватцы аўтарытарнага кулака. Парламенцкія выбары, прызначаныя на 27 траўня, дапамогуць захаваць такое становішча. Аднак небяспекі, якія стаяць перад Украінай, паходзяць з праблем, у прыватнасці, далікатных інстытутаў дэмакратыі і эканамічных цяжкасцяў, характэрных для кожнай маладой постсавецкай дэмакратычнай дзяржавы, і з іншых, спецыфічных для Украіны праблем. Шмат найбагацейшых грамадзянаў Украіны, якія займелі сваё багацце за кошт кланавага капіталізму, які з`яўляецца адзіным спосабам кіравання, вядомым Януковічу, усё яшчэ не могуць змірыцца з украінскай дэмакратыяй. Для іх штучная незадаволенасць, справакаваная ў рускамоўных рэгіёнах Украіны – якія хутчэй усяго адгукнуліся на цэнтрабежныя тэндэнцыі сярод усіх дэмакратычных краін Еўропы – дапамагае ім набліжацца да сістэмы дэмакратыі, якой кіруюць, сфармаванай у Расеі, каб абараніць сваю ўладу, якая дрэнна выкарыстоўваецца. Дзесяць гадоў таму свет атрымаў уяўленне пра тое, што адбываецца, калі этнічны раскол эксплуатуецца ў злавесных палітычных мэтах. Югаславія – гэта маленечкая версія таго, што можа здарыцца з Украінай, калі дазволіць Януковічу, з яго тактыкай, давесці этнічны антаганізм да кропкі кіпення. Аднак адзінства Украіны не штучнае. Яно натуральнае, што даказваецца тым, што пераважная большасць, нават сярод рускамоўнай меншасці, працягвае падтрымліваць незалежнасць краіны. Таму было б памылковым казаць, што Украіна не здольная захаваць дэмакратычны цэнтр. Самае лепшае, што ўсё яшчэ захавалася ад нашай "памаранчовай рэвалюцыі", гэта дэмакратычная сіла нашага народа. У выніку, што вельмі характэрна для былой савецкай рэспублікі, у людзей, якія хочуць захавання сваіх свабод, з`явіліся новыя звычкі: глыбокая пашана да ўлады закона, што з`яўляецца спосабам не дапусціць злоўжыванняў з боку ўлад. Наш народ разумее, што ўрад Януковіча не проста палітычная атрута. Ён хоча дамінаваць і забіць у тым ліку ўсю эканоміку. Ніводны бізнэс нельга весці, не заручыўшыся дазволам урада. Суседзі Украіны павінны цяпер дапамагчы нам, прапанаваўшы сваю падтрымку і надзею. Еўропа павінна даць выразны сігнал, што Украіна, у адрозненне ад таго, чым была Чэхія ў 1938 годзе для Нэвіла Чэмберлена, не проста нейкі мядзведжы кут, пра які ніхто не ведае, а неад`емная частка еўрапейскага праекту. Урэшце, Еўразвяз – гэта найперш звяз дэмакратычных краін: калі Украіна разлічвае на сяброўства ў ім, то любы алігарх або крыміналізаваны палітык, які будзе перашкаджаць гэтай перспектыве, павінен будзе сутыкнуцца з гневам усіх украінцаў. Больш за тое, уся Еўропа патрабуецца ў сапраўды дэмакратычнай Украіне. Новыя выбары, якія дапамогуць захаваць нашу дэмакратыю, – адзіны шлях наперад, як для нас, так і для прасоўвання інтарэсаў Еўропы ў тым, каб сярод краін былога Савецкага Саюза ўкаранілася сапраўдная дэмакратыя.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|