Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Лукашэнка сцвярджае, што ён цвёрда стаіць на нагах і патрэбны Расеі 09:44, 09/04/2007
Пра пераадоленне ў першым квартале наступстваў "наймагутнейшага ўдару" па беларускай эканоміцы з боку Расеі заявіў Аляксандр Лукашэнка 8 красавіка падчас велікоднага набажэнства ў Свята-Духавым кафедральным саборы.
"Мы ў стане стаць на ногі. Мы сталі. Паверце, у першым паўгоддзі гэтага года мы ўвогуле забудзем, што гэта было", – сказаў беларускі кіраўнік, якога цытуюць афіцыйныя крыніцы.
Пры гэтым, па яго словах, "мы ні ў якім разе не павінны, засноўваючыся на тым канфлікце, павялічыць тую расколіну і здзейсніць раскол паміж нашымі народамі і дзяржавамі".
"Мы павінны заўсёды заставацца разам, як бы там ні хацелася камусьці з тога або другога боку барыкад. У нас дастаткова пагроз, і супраць гэтых пагроз мы заўсёды ў гісторыі былі разам і заўсёды будзем разам, – сказаў А.Лукашэнка. – Не прайшло двух месяцаў, як мы адчулі гэтыя пагрозы, і ў Расеі зразумелі, што змагацца супраць гэтых пагроз без Беларусі складана".
"Сёння шмат гутарак вядзецца ў мой адрас і адрас кіраўніцтва Беларусі. Паверце: за гэты год нічога не змянілася. Прэзідэнт цвёрда стаіць на нагах і валодае сітуацыяй у краіне", – заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Камусьці хочацца, каб ён "захістаўся". Але гэтага не будзе", – сказаў А.Лукашэнка.
Па яго словах, Беларусь будзе адстойваць сваю свабоду і незалежнасць. "Ад нас хочуць, каб мы змірыліся, скарыліся, каб большасць з нас стала на калены. Гэтага не будзе ніколі. Мы ганарлівы, свабодалюбны, незалежны народ, які жыве на сваёй зямлі. І так будзе заўсёды. І мы будзем змагацца і адстойваць яе", – заявіў беларускі кіраўнік, паведамляе БелаПАН.
"Я як кіраўнік дзяржавы ні на што не прэтэндую, у нас дастаткова сваёй зямлі", – дадаў А.Лукашэнка.
"Год таму, – адзначыў ён, – у гэтым храме я абяцаў: як бы ні склалася сітуацыя, беларусы будуць жыць у міры і стабільнай краіне. І сёння мы з вамі зрабілі ўсё, што ўжо ніякія сілы не здольныя зруйнаваць той мір у нашай дзяржаве, які склаўся. Таму што ён – у розумах і сэрцах людзей. Таму што гэта вам, вашым дзецям, сем`ям патрэбныя мір, стабільнасць і парадак".