Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Вінцук Вячорка: «У Беларусі забаронена зьвязваць анкалягічныя хваробы з Чарнобылем» 13:11, 09/04/2007
З прапановы Партыі БНФ Аргкамітэт Чарнобыльскага шляху распачаў збор кніжак, цацак, вопраткі, рэчаў, аўдыё-і відэапрадукцыі, а таксама грошай для дзяцей з анкалягічнымі захворваньнямі. «У Беларусі сапраўдная эпідэмія анкалягічных хваробаў, але дактарам забаронена зьвязваць гэты ўсплёск з Чарнобылем. А галоўнае – дзяржава не знаходзіць сродкаў на хворых людзей, але мае іх на паказуху», -- заявіў старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка.
"У Менску раскошна й марнатраўна асьвятляюцца па начох цэнтральныя вуліцы, па краіне ўсьцяж будуюцца лядовыя палацы ды іншыя прэстыжныя аб`екты, - кажа палітык. -- Але прыйдзіце, напрыклад, у анкалягічную паліклініку, што месьціцца на першым паверсе Інстытуту анкалёгіі ў Бараўлянах. Вы пабачыце бясконцыя чэргі нямоглых, у тым ліку сьмяротна хворых; вы зьдзівіцеся вытрываласьці дактароў, якія пасьля шматгадзіннай апэрацыі (калі паводле ўсясьветных стандартаў хірург мусіць адпачыць) яшчэ ідуць у паліклініку прымаць гэтых хворых, бо лекараў нестае”.
Вінцук Вячорка ўпэўнены, што “маральная ўспамога анкалягічна хворых дзяцей хоць крышачку ўмацуе іхную волю адолець хваробу”.
“Яшчэ адна мэта акцыі -- прыцягнуць увагу беларускай і ўсясьветнай грамады да Чарнобылю, а таксама задаць пытаньне, ці створаная ў Беларусі мадэль дзяржавы сапраўды рупіцца пра людзей", -- кажа палітык.
Рэчы для дзяцей можна перадаць празь сядзібу Партыі БНФ (былое Варвашэні, 8), адкуль яны трапяць у Цэнтр дзіцячай анкалогіі (пасёлку Бараўляны), а таксама хворым дзецям з гораду Брагіна.