Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Суд працягне разгляд скаргі левых партый 13 красавіка 16:16, 10/04/2007
10 красавіка, на думку старшыні Партыі камуністаў Беларускай Сяргея Калякіна, Мінюст ня здолеў прадаставіць Вярхоўнаму суду аргумэнты на карысьць свайго рашэньня аб адмове ў рэгістрацыі Саюзу левых партыяў.
Як паведаміў «Радыё Рацыя» Сяргей Калякін, суд абавязаў Міністэрства юстыцыі прадаставіць поўны тэкст рашэньня калегіі пра адмову ў дзяржаўнай рэгістрацыі Саюзу левых партыяў. Сёньня гэтага дакумэнту ня мае ні судзьдзя, ні пазоўца, ні прадстаўнік Мінюсту.
"Як выявілася, ёсьць толькі ліст, у якім тлумачацца матывы адмовы ў рэгістрацыі. Ёсьць таксама выпіска з калегіі Мінюсту, у якой напісана, што Саюзу левых партыяў адмоўлена ў рэгістрацыі. Але чаму адмоўлена — не патлумачана”, -- паведаміў палітык.
Нагадаем, што Міністэрства юстыцыі адмовілася рэгістраваць Саюз левых партыяў праз тое, што ўстаноўчы зьезд арганізацыі адбыўся ва ўкраінскім горадзе Чарнігаве. На меркаваньне рэгіструючага воргана, палітычныя партыі Беларусі могуць дзейнічаць толькі на тэрыторыі нашай краіны. Аднак, паводле Калякіна, у залі суду прадстаўнік Мінюсту пацьвердзіў, што партыі могуць ажыцьцяўляць дзейнасьць і па-за межамі Беларусі. Палітык папрасіў чыноўніка назваць артыкул закону, які забараняе партыям такую дзейнасьць.
"Такога аргумэнту ён не прывёў. Наадварот, у сваім выступе прадстаўнік Мінюсту казаў, што палітычныя партыі могуць дзейнічаць па-за межамі тэрыторыі Беларусі. Але, на іх думку, гэта можа быць дзейнасьць, якая зьнітаваная з кантактамі з замежнымі партыямі й арганізацымі", -- распавёў лідэр ПКБ
Сяргей Калякін упэўнены, што Міністэрства юстыцыі ня мае юрыдычных падставаў для адмовы ў рэгістрацыі Саюзу левых партыяў.
Калі Вярхоўны суд падтрымае рашэньне Міністэрства юстыцыі, то, паводле Калякіна, па хуткім часе будзе праведзены наступны ўстаноўчы зьезд арганізацыі. Левыя сілы маюць намер зарэгістраваць сваю сумесную арганізацыю, кажа палітык.