Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Нафтаперапрацоўка стала стратнай 11:53, 10/04/2007
На Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе склалася напружаная сітуацыя: рахункі прадпрыемства заблакаваныя, працаўнікам зрэзалі зарплату, спыненыя сацыяльныя выплаты. “Гэта ўнікальны выпадак! Упершыню адна з самых рэнтабельных галін у свеце – нафтаперапрацоўчая – стала стратнай”, – канстатаваў у інтэрв`ю «Салiдарнасці» прафсаюзны лідэр Юры Швец.
Усё пачалося з таго, што ўлады абавязалі ААТ “Мазырскі НПЗ” пералічыць у фонд нацыянальнага развіцця 229 млрд. рублёў. З гэтай сумай прадпрыемства павінна развітацца паводле пастановы ўрада ад 29 траўня 2006 года. У што стала яму дадзенае рашэнне Саўміна?
ААТ “Мазырскі НПЗ” абавязанае выплаціць дзяржаве 229 млрд. беларускіх рублёў. У сувязі з гэтым ужо амаль чатыры месяцы заблакаваныя рахункі прадпрыемства, з якіх падатковыя службы ў прымусовым парадку маюць намер спісваць усе сродкі, якія паступаюць, датуль, пакуль не загасіцца запазычанасць. Па дадзеных на сёння, такім чынам у фонд нацыянальнага развіцця ўжо паступіла каля 200 млрд. рублёў.
– Сітуацыя на “Мазырскім НПЗ” вельмі напружаная, – распавёў старшыня першаснай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюза ААТ “Мазырскі НПЗ” Юры Швец. – Гэта звязана з тым, што з новага года змянілася сістэма цэнаўтварэння на вуглевадародную сыравіну, а таксама – з неабходнасцю выплаціць больш як дзвесце мільярдаў рублёў у фонд нацыянальнага развіцця. З прычыны гэтага з студзеня 2007 года прадпрыемства не атрымоўвае прыбытак. Таксама прыпынена дзеянне калектыўнай дамовы -- часткова паніжаная заработная плата, спыненыя сацыяльныя выплаты, якія фінансаваліся з прыбытку. Працаўнікі вельмі незадаволеныя, бо страцілі сацыяльны пакет. Пагоршыла становішча і тое, што людзям не выплацілі грошы за адпрацаваны час – экспартную прэмію за чацвёрты квартал.
Па словах суразмоўцы, для выхаду з наяўнай сітуацыі дзяржава абяцае прадпрыемству субсідыі на кожную тону нафтапрадуктаў. “Гэта ўнікальны выпадак! Упершыню адна з самых рэнтабельных галін у свеце – нафтаперапрацоўчая – стала стратнай. Цяпер “Мазырскі НПЗ”, на жаль, патрабуецца ў датацыях з дзяржаўнага бюджэту”, – падагульніў Юры Швец.
Між іншым, як паведамляе ПРАЙМ-ТАСС, супрацоўнікі ТАА "Мазырскі НПЗ плюс" (кампанія ў ААТ «Мазырскі НПЗ», кіраванне якой увесну 2006 перайшло да дзяржавы), просяць прэзідэнта Беларусі разабрацца ў сітуацыі з неабходнасцю выплаты 65 млрд. рублёў у фонд нацыянальнага развіцця. “Гэта абсалютна нерэальная сума для прадпрыемства. Па выніках працы 2006 года прадпрыемства зарабіла прыбытак у памеры каля 300 млн. рублёў”, – паведамілі на прадпрыемстве. Пры гэтым прадстаўнік ТАА “Мазырскі НПЗ плюс” адзначыў, што дывідэнды па выніках 2005 і 2006 гадоў прадпрыемству не налічаліся, “бо паводле рашэння ўрада цяпер праводзіцца рэструктурызацыя запазычанасці грамадства, і ўсе грошы ў безакцэптным парадку спісваюцца з рахунку прадпрыемства”. Прадпрыемства не здолее выканаць патрабаванне ўрада аб пераліку 65 млрд. рублёў у фонд нацыянальнага развіцця, паведаміў прадстаўнік адміністрацыі, а таксама дадаў: “Кампетэнтная камісія павінна прыехаць на прадпрыемства і ўпэўніцца ў неправамернасці прад`яўленых фінансавых патрабаванняў да грамадства аб пераліку такіх сродкаў”.