Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
«КоммерсантЪ»: Маскве даводзіцца плаціць за гульні з праблемнымі рэжымамі 13:48, 10/04/2007
У словах іранскага генерала, які прадставіў Расею злосным парушальнікам рэзалюцыі Рады бяспекі ААН, няма нічога дзіўнага. Калісьці такая заява, якая ставіць Маскву ў няёмкае становішча, з вуснаў іранскіх лідэраў павінна была прагучаць. Бо гэта тая цана, якую Маскве даводзіцца плаціць за гульні з праблемнымі рэжымамі, піша аглядальнік Генадзь Сысоеў у газеце «КоммерсантЪ».
Расея не аднойчы ратавала Іран ад санкцый, а калі гэта было ўжо немагчыма, значна змякчала іх. Яна ўпарта рабіла гэтую няўдзячную працу, нягледзячы на тое, што яе намаганні былі спалучаныя з рызыкай канчаткова сапсаваць і без таго складаныя стасункі з ЗША. Аднак Масква ішла на гэтую рызыку, разлічваючы на значнае кампенсаванне: матэрыяльнае і палітычнае.
Матэрыяльныя плюсы ад гульняў з Іранам у відзе выплат за будаўніцтва Бушэрскай АЭС сталі для Расеі вельмі праблематычнымі – на пачатку сакавіка Тэгеран адкрыта абвінаваціў Маскву ў невыкананні абавязальніцтваў па Бушэры. Ды і палітычныя выгоды ад падтрымання "адмысловых стасункаў" з Іранам пачалі ператварацца для Масквы ў страты пасля таго, як Тэгеран не пачуў яе рэкамендацыі і не пайшоў насустрач разумным патрабаванням МАГАТЭ. Не падзейнічала нават беспрэцэдэнтна жорсткая перасцярога іранцам з вуснаў ананімнай крыніцы ў Крамлю: "У антыамерыканскія гульні мы гуляць не будзем".
Зрэшты, паводзіны Ірана ў дачыненні Расеі не павінны яе здзіўляць. Так (або амаль так) з ёй паводзяць сябе ўсе праблемныя рэжымы, на стасункі з якімі яна марнуе нямала часу, сіл і рэпутацыі. Улавіўшы зацікаўленасць Масквы ў падтрыманні кантактаў з імі, краіны-ізгоі гэтым актыўна карыстаюцца. Яны прымушаюць яе выцягваць для іх каштаны з агню (выгароджваць у ААН, абараняць ад санкцый), а потым у прыдатны момант альбо падстаўляюць яе, альбо папросту адракаюцца, выгодна здаючыся якому-небудзь амерыканскаму прадстаўніку.
Масква падтрымлівала актыўны кантакт з Садамам Хусейнам, а той у самы адказны момант – перад пачаткам аперацыі "Бура ў пустыні" – нават не стаў прыслухвацца да яе рэкамендацыяў. Расея фліртавала з Слабаданам Мілошавічам, якога на Захадзе звалі "балканскім мясніком", а ён неаднаразова ашукваў яе, складаючы сепаратныя пагадненні з НАТА і накіроўваючы тайныя лісты Білу Клінтану. Сёння Крэмль выказвае пашану і павагу таварышу Кім Чен Іру, за якім трывала замацаваўся цэтлік "апошняга камуністычнага правадыра", а ён адкрыта падстаўляе Маскву, праводзячы ядзерныя выпрабаванні і ракетныя стрэльбы. Расея будуе саюзную дзяржаву з Аляксандрам Лукашэнкам, якога ў свеце завуць дыктатарам, а бацька дазваляе сабе грубыя выбрыкі ў яе адрас і нават шантажуе разваротам у бок Захаду.
Фліртуючы з праблемнымі рэжымамі, Масква рызыкуе рана ці позна быць ашуканай імі. Звычайна, у яе атрымоўваецца прачытаць іх няшчырую гульню. Праўда, разуменне гэтага часцяком прыходзіць занадта позна.