Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Прафсаюзам не дазволілі правесці акцыю супраць кантрактнай сістэмы 10:08, 11/04/2007
Менгарвыканкам адмовіўся разгледзець заяўку аб правядзенні 15 красавіка ў Менску вулічнай акцыі за адмену кантрактнай сістэмы. У адзначаны дзень арганізатары акцыі планавалі "на свежым паветры" правесці сход ініцыятыўнай групы, якая дамагалася б у далейшым адмены дзейнай у рэспубліцы кантрактнай сістэмы наймання.
Па словах лідэра прафсаюза працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзя Фядыніча, Менгарвыканкам зарэгістраваў заяву на правядзенне акцыі толькі трэцяга красавіка, паведамляе «Тэлеграф».
"Такім чынам, на меркаванне Менгарвыканкама, была парушаная ўмова заканадаўства аб падачы заяўкі за 15 дзён да акцыі. І на гэтай падставе заяўнікам сёння быў дадзены вусны адказ пра тое, што гэтая заяўка разгледжаная не будзе", – распавёў Генадзь Фядыніч.
Як паведаміў Генадзь Фядыніч, арганізатары прапаноўвалі правесці сход ініцыятыўнай групы на плошчы Бангалор альбо ў парку 50-годдзя Кастрычніка.
"Мне абсалютна зразумела, чаму Менгарвыканкам зарэгістраваў нашу заяву пазней і даў адказ, што заяўка разгледжаная не будзе. Складана ўявіць, што ў парку 50-годдзя Кастрычніка існуе вялізная чарга на правядзенне там мерапрыемстваў. Улада баіцца таго, што людзі ўжо прачнуліся, што яны маюць намер адстойваць свае правы", – сказаў у інтэрв`ю БелаПАН Генадзь Фядыніч.
Пры гэтым ён дадаў, што 10 красавіка ў Менгарвыканкам была пададзеная новая заяўка на правядзенне аналагічнай акцыі. Ініцыятары акцыі прапаноўваюць дазволіць яе правядзенне першага траўня ў прамежку з 14:00 да 16:00 на плошчы Бангалор у Менску.
"Наколькі нам вядома, святочныя мерапрыемствы першага траўня на гэтай плошчы павінны скончыцца да 14:00. Таму прычын для адмовы я не бачу. Ва ўсялякім выпадку, мы будзем дамагацца любога месца ў любы час для правядзення гэтага сходу, бо мы павінны зрабіць усё па законе. Інакш нашу ініцыятыўную групу не зарэгіструюць у Цэнтрвыбаркаме", – растлумачыў Генадзь Фядыніч.