Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Міністэрства эканомікі не згоднае з довадамі прадпрымальнікаў 15:13, 11/04/2007
Лідэр прадпрымальнікаў Валеры Леванеўскі атрымаў адказ з Міністэрства эканомікі за подпісам намесніка міністра Андрэя Тура, з якога вынікае, што ацэнка ўказа №760 у прадпрымальнікаў і ўрада прама супрацьлеглая.
“У лісце намесніка міністра прыводзяцца вельмі цікавыя лічбы, з якіх вынікае, што наш урад жыве ў нейкім віртуальным свеце і працягвае будаваць віртуальную Беларусь, дзе беларусам жыць з кожным днём усё лепш і лепш. Так, на думку службоўцаў з Міністэрства эканомікі, сярэдняя беларуская сям`я марнуе на жыллёва-камунальныя паслугі менш як 10 адсоткаў ад свайго прыбытку. Адкуль бяруцца гэтыя лічбы, застаецца загадкай, у каго такія прыбыткі, таксама незразумела, можа ў службоўцаў з Міністэрства. Пенсіі, зарплаты і ўсё астатняе ў нас растуць, як высвятляецца, з каласальнай хуткасцю, паводле адказу з Міністэрства. Незразумела толькі, чаму Расея перапоўненая гастарбайтэрамі з Беларусі”, – паведаміў Валерый Леванеўскі прэс-цэнтру Хартыі’97.
Што тычыцца прыняцця ўказу №760 і іншых аналагічных актаў, то Валеры Леванеўскі лічыць, што прычыны іх ляжаць на паверхні. “Назіраецца адсутнасць сур`ёзных аналітыкаў і юрыстаў у Міністэрстве, здольных комплексна пралічваць хоць на некалькі гадоў тую або іншую сітуацыю, пасля прыняцця заканадаўчага акту. Усё прымаецца метадам “навуковага тыку”. Гэта значыць спачатку прымаецца закон, а потым глядзяць, што з гэтага атрымаецца. Гэта адна з асноўных прычын таго, што заканадаўства ў Беларусі часта змяняецца”, – лічыць Леванеўскі.
Валеры Леванеўскі рэкамендуе службоўцам “не вынаходзіць ровар”, а прааналізаваць досвед працы прадпрымальнікаў у Літве, Польшчы, Украіне.
Шматлікія пытанні Валерыя Леванеўскага засталіся без адказу, і ён мае намер працягваць перапіску.
29 снежня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 760 "Аб занясенні дадаткаў і зменаў ва ўказ прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18 чэрвеня 2005 года № 285". Указам уведзеная забарона на прыцягненне ІП для ажыццяўлення сваёй дзейнасці фізічных асоб, акрамя сваякоў, у колькасці не больш як трох чалавек. Тым самым ажыццяўленне дзейнасці ІП магчыма толькі з прыцягненнем наёмнай працы ў рамках сямейнага бізнэсу. Патрабаванні ўказу закранаюць як мінімум 180 тыс. саміх індывідуальных прадпрымальнікаў і яшчэ 300 тыс. іх наёмных працаўнікоў.