|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Зянон Пазьняк: «У тую ноч кіраваў «апэрацыяй» Лукашэнка» 10:59, 11/04/2007
(Сяргей Навумчык:) Спадар Зянон, у нашай гутарцы я хацеў бы адысьці ад храналёгіі, бо пра падзеі ў ноч з 11 на 12 красавіка шмат напісана і, напэўна, будзе напісана яшчэ болей. І ўсё ж, перш чым перайсьці да аналізу, хацеў бы запытацца вось пра што. 18 ліпеня 1995 года ў Кіеве, пад час пахаваньня Патрыярха Уладзімера, спэцназ жорстка зьбіў удзельнікаў жалобнага шэсьця. Але труну ўдалося апусьціць у зямлю, бо вакол стаялі дэпутаты Вярхоўнай Рады, і ніводзін з міліцыянтаў, спэцназаўцаў не пасьмеў ударыць лідэра апазыцыі Вячаслава Чарнавіла. У красавіцкую ноч у Авальнай залі Вам дасталася больш за астатніх. Кажу гэта як сьведка, бо Вы сядзелі перада мной і я, перш чым мяне выцягнулі, пасьпеў пабачыць, як адзін ў чорнай масцы з разьбегу стукнуў Вас нагой у грудзі, а другі пачаў выціскаць вочы. Вы маглі ўявіць, што супраць Вас, супраць дэпутатаў будзе прымененая грубая фізычная сіла? (Зянон Пазьняк:) “Я ўявіць такое ня мог. Але гэта навяло мяне на думку, што істоты ў масках былі чужыя ў Беларусі людзі. Цяпер, праўда, афіцыйна, з выступу генэрала КДБ Кеза ў Вярхоўным Савеце вядома, што ў тую ноч на нас напалі батальён спэцназу ў 600 чалавек, і група КДБ "Альфа". Але я і цяпер не выключаю. што там маглі быць спэцыяльныя людзі з Масквы. Другая думка, якая прыходзіць -- што магла быць спэцыяльная рэкамэндацыя Лукашэнкі -- "Даць і не цырымоніцца!", Наколькі я ведаю ягоную адвечна пакрыўджаную душу, сузіраньне на маніторы сцэны, як нас бьюць і зьневажаюць, было для яго незабыўнай асалодай і хвілінай шчасьця. У гэты момант ён мог, напэўна, адчуць сябе "вялікім". І трэці фактар. Была глыбокая ноч, у зачыненым памяшканьні. Нападнікі былі бяз сьведак і з гарантаванай індульгенцыяй. Гэта паспрыяла праяўленьню цёмных інстынктаў. А з падзеямі ў Кіеве тут – няма параўнаньня”. (Навумчык: ) Канешне, можна ўявіць, што гэтыя трэніраваныя шэсьцьсот чалавек людзі маглі зрабіць з дзевятнаццацьцю дэпутатамі. З другога боку – чыста тэхнічна, пры жаданьні яны маглі і не зьбіваць, а проста вынесьці дэпутатаў з Авальнай залі. Але зьбівалі ў залі, зьбівалі, калі цягнулі па фае і па лесьвіцы, і ў “варанкі” закідвалі галавой наперад. Усё гэта зафіксавана судмедэкспэртызай і сьледзтвам. Зразумела, што дзейнічалі ў дакладнай адпаведнасьці з загадам. Якая была мэта такіх дзеяньняў (не забіць, але моцна зьбіць)? (Пазьняк:) “Не сумняваюся, што тут было асабістае ўказаньне Лукашэнкі, які прысутнічаў у тую ноч ў Доме ўраду і кіраваў “апэрацыяй”. Тут ён увесь як у люстэрку. Мы яго добра ведаем яшчэ па футбольных трэніроўках, калі ён ашалела ганяўся па полі за Юрыем Беленькім. Для людзей такога тыпу псыхікі важна было засьведчыць, што ён нас не паважае і ў грош ня цэніць. Гэтым ён пасылаў нам сваё паведамленьне, маўляў, вы -- ніхто і нішто. І гэта ўзьвялічвала яго ва ўласных вачох. Адным словам, звычайная банальшчына вялізарнай улады і маленькага чалавека”. “Грамадзтва не было нацыянальным” (Навумчык:) Адразу пасьля гвалтоўнага спыненьня галадоўкі Васіль Быкаў заявіў на Свабодзе, што з гэтага моманту ў “краіне закіруе прэзыдэнцкая хунта”. Але факт застаецца фактам: грамадзтва – ва ўсялякім разе, большая яго частка, -- абыякава паставілася да гэтай падзеі. (Пазьняк:) “Таму што беларускае грамадзтва на той час у большасьці сваёй не было яшчэ нацыянальным грамадзтвам. Гэта было тыповае савецкае грамадзтва, якое рэагавала на ўсё адпаведным савецкім чынам. Калісьці студэнтам я жыў на кватэры ў аднаго добрага чалавека, вайсковага старшыны. Ён выхоўваў свайго малалетняга сына дзягай і адной фразай: “Нікуда не лезь і нічаво ня дзелай”. Вось вам квінтэсэнцыя савецкіх грамадзкіх паводзінаў -- галаву ў пясок, і мяне не датычыць”. (Навумчык:) Некаторыя заходнія газэты на наступны дзень выйшлі з рэпартажамі на першых палосах. Выказаў пратэст Дзярждэпартамэнт ЗША. Група літоўскіх дэпутатаў выказала пратэст. Але – толькі група, не парлямэнт. І давайце прызнаем, што міжнароднай рэакцыі – той, на якую магла разьлічваць апазыцыя – не было. Чаму, як Вы мяркуеце? (Пазьняк:) “На той час Захад не лічыў Лукашэнку дыктатарам і думаў, што ў Беларусі ёсьць нейкая квазідэмакратыя. Падзеі ў Беларусі ў ноч на 12 красавіка ня ўкладваліся ў іхнія заходнія мазгі. Што датычыць Летувы, дык тут усё звычайна. Калі мы, беларускія дэпутаты, па просьбе Ландзбергіса сядзелі ў ягоным кабінэце ў Вільні ў Вярхоўным Савеце і чакалі савецкіх танкаў, каб быць сьведкамі магчымых падзеяў, -- гэта для іх было адно. А калі войскі ўварваліся ў Вярхоўны Савет у Менску, і зьбілі нас, беларускіх дэпутатаў -- гэта ж ужо другое”. “Вялікае трымаецца на вялікім” (Навумчык:) Дзевятнаццаць дэпутатаў апазыцыі БНФ спрабавалі супрацьстаяць рэфэрэндуму, які потым шмат кім быў ацэнены як “нацыянальная ганьба”, пасьля якога этап нацыянальнага Адраджэньня быў спынены. Аднак нядаўна ў “Нашай Ніве” была выказана думка, што ня ўсё так трагічна, што “працэс разьвіцьця культуры і мовы набыў натуральны характар” (гэта значыць, разьвіваецца і без дзяржаўнага спрыяньня), а “сёньняшняя беларуская культура — гэта сучасная дынамічная культура, збудаваная, напрыклад, на такіх кітах, як «ARCHE», Глёбус і Інтэрнэт”. Вы згодны з такімі аптымістычнымі ацэнкамі? (Пазьняк:) “Беларуская культура трымаецца на Купалу, на Коласе, на Быкаве, на Багдановічы, на Барадуліне, Разанаве, Бураўкіну, Някляеве... Словам, вялікае трымаецца на вялікім, трывалае -- на трывалым, нацыянальнае -- на нацыянальным. Шчыра кажучы, мяне часам палохае гэтая багемнасьць, гэтая другаснасьць думаньня сярод чумы. У такіх выпадках часам да болі ў душы адчуваю, што не хапае Быкава”. “Выпраўленьне дэфармацыі трактуюць як радыкалізм” (Навумчык:) Сярод пытаньняў, вынесеных Лукашэнкам на рэфэрэндум 1995 году, галоўнымі ўяўляліся статус беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай і эканамічная інтэграцыя з Расеяй. Шэраг сёньняшніх апазыцыйных палітыкаў закідаюць пэрсанальна Вам папрок, што ў пачатку 90-ых была зробленая галоўная памылка – а менавіта, што гаварылася пра неабходнасьць беларусізацыі. І што ня варта было казаць ні пра мову, ні пра ўзаемаадносіны за Расеяй... (Пазьняк:) І праўда пра Чарнобыль, і праўда пра Курапаты, і галоўнае -- Незалежнасьць Беларусі сталі магчымымі толькі таму, што БНФ, найперш -- дэпутацкая апазыцыя БНФ у Вярхоўным Савеце -- не нарабілі памылак. На вайне бывалі перамогі авангарду на полі бою. Але не было яшчэ такога выпадку, каб палітычны, грамадзкі авангард і 8 адсоткаў дэпутатаў у парлямэнце легальнымі, палітычнымі, парлямэнцкімі сродкамі выйгралі бітву за Незалежнасьць. Выйгралі таму, што дзейнічалі разумна, дакладна, сьмела і рашуча. І галоўнае -- не зрабілі ніводнай памылкі! Любая памылка ў той сытуацыі магла б абярнуцца паразай. (Навумчык: ) Але трэба прызнаць, што цяпер ўсё часьцей пра нацыянальную ідэю гавораць нават тыя, хто раней яе ігнараваў. Праўда, часта – без акцэнтаваньня на праблемах беларускай мовы і нацыянальнай культуры... (Пазьняк:) “Нацыянальная ідэя мае два галоўныя грамадзкія складнікі. Першы і першасны складнік -- нацыянальная мова. Другі -- нацыянальная незалежнасьць дзяржавы. Адмаўленьне ад галоўных складнікаў нацыянальнай ідэі могуць патрабаваць альбо круглыя дурні, альбо ворагі. Кухонная "тэорыя шлангаў" сюды не падыходзіць. Першасным мэтадам ажыцьцяўленьня нацыянальнай ідэі ёсьць унівэрсальная ідэалёгія нацыянальнага адраджэньня, якая палягае ў неабходнасьці адраджэньня ўсяго таго, што было разбурана акупантамі і дэфармавана імпэрцамі. Без адраджэньня разбуранага, без паправы дэфармаванага -- нацыянальная ідэя ня будзе мець ні грамадзкай, ні электаральнай базы”.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|