Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Рэферэндуму ў Салігорску не будзе 13:29, 11/04/2007
Ініцыятыўная група па правядзенні мясцовага рэферэндуму па пытаннях будаўніцтва Лядовага палацу і знішчэння рынку "Старавакзальны" атрымала ад Салігорскага райвыканкама адмову ў рэгістрацыі.
У адказе з аднаго боку гаворыцца, што пытанні, прапанаваныя на абмеркаванне жыхарам рэгіёна, не маюць важнага значэння для насельніцтва. А з другога, што яны не ў кампетэнцыі адпаведных мясцовых Саветаў дэпутатаў і выканаўчых органаў. Калі мясцовыя ўлады не кампетэнтныя, то хто тады вырашыў, што для людзей рэферэндум не патрэбны?
– Даць дазвол на рэферэндум проста пабаяліся, – сказаў у інтэрв`ю сайту www.bulletinonline.org кіраўнік ініцыятыўнай групы Аляксандр Цацура. – Судзячы па гутарках у горадзе, усё больш жыхароў схіляецца да думкі, што ўзвядзенне палаца за кошт мясцовага бюджэту – недазваляльная раскоша. Рэферэндум, хутчэй за ўсё, быў бы ўладай прайграны. Па-другое, наш рэферэндум мог паслужыць прыкладам для іншых гарадоў.
Тыдзень таму ў гараджан была магчымасць адчуць на сабе, што Салігорску не патрэбная пампезная будоўля. У горадзе два дні не было вады з прычыны аварыі на Салігорскім водаканале. Людзі кіпяцілі на гарбату газіроўку, шукалі і апаражнялі калодзезі ў навакольных вёсках і не мелі магчымасці памыцца ні днём, ні ўвечары. Сяк-так вадавод залаталі. Хоць, па ацэнках спецыялістаў яго трэба тэрмінова мяняць.
Паступаюць звесткі, што на прадпрыемствах з`яўляецца ўсё больш смельчакоў, якія пісьмова адмаўляюцца адлічваць на Палац з уласнага заробку.
І ўсё-ткі намер правесці рэферэндум прынёс сякія-такія вынікі. Гарвыканкамам прапанаваў прадпрымальнікам кампраміс: перабрацца з цэнтра горада на паспешна абсталяваны новы дзяржаўны рынак.