|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Таццяна Клiмава-Леановiч: «Я знаходжуся ў глыбокiм шоку...» 10:20, 12/04/2007 Андрэй Клiмаў не збiраўся за краты адназначна: у ахвотку дзялiўся сваiмi планамi адносна палiтычнай дзейнасцi, сямейнага жыцця, лiтаратурнымi праектамi. Толькi-толькi знайшоў у Маскве працу (як былыя дэпутаты, што патрапiлi ў апалу ўлад, шукаюць “дома” працу, расказваць не трэба: без работы сядзяць Сяргей Скрабец, Уладзiмiр Парфяновiч, многiя-многiя iншыя палiтыкi). Калi б не тое, што адбылося, — зараз Клiмавы ўжо жылi б у Маскве. Сям`я рыхтавалася да пераезду i спакойнага размеранага жыцця. Нiчога не паказвала на бяду. I тут на табе: з цягнiка патрапiў за краты. Што адбываецца вакол Андрэя Клiмава? Гэтае пытанне “Народная воля” адрасавала самаму блiзкаму чалавеку зняволенага — жонцы Таццяне Клiмавай-Леановiч. — Я атрымала лiст ад Андрэя, але iнфармацыi там няма — гэта глыбока асабiсты лiст. Тое, што здарылася з Андрэем, не ўкладваецца нi ў якiя рамкi. Андрэй як палiтык знаходзiцца на вастрынi ўвагi, вядомыя сiлы дбайна адсочваюць ягоны лёс. Што кiравала гэтымi сiламi, якiя вось так проста ўзялi яго i закрылi на два месяцы, — не ведаю. Я дрэнна сябе адчуваю, даруйце... — Цi праўда, што Андрэй знайшоў працу ў Маскве? Цi азначае гэта, што Вы, сям`я, збiралiся перабрацца на сталае месцажыхарства менавiта ў Маскву? — Так. Адразу пасля выхаду з Баршчоўкi (Гомельская вобласць, дзе А.Клiмаў адбываў пакаранне за арганiзацыю “беларускай рэвалюцыi” 25 сакавiка 2005 года. — Аўт.) Андрэй пачаў шукаць сябе i сваё месца ў жыццi. Аднак яго травiлi мэтанакiравана, яму сказалi прама i адкрыта: мы не толькi працаваць тут табе не дадзiм, мы i жыць табе тут не дадзiм. Пасля гэтага Андрэю давялося задумацца, што i як рабiць далей. — Як дзецi паставiлiся да таго, што адбылося? — Дрэнна... — Што адбылося? Нехта кажа, што, даведаўшыся пра крымiнальную справу, Андрэй сам пайшоў у пракуратуру высвятляць абставiны, нехта гаворыць, што Андрэя затрымала мiлiцыя. Абсалютна процiлеглая iнфармацыя... — У панядзелак (2 красавiка. — Аўт.) Радыё Свабода паведамiла, што супраць Андрэя Клiмава ўзбуджана крымiнальная справа. Лiчу, што “ўцечка” iнфармацыi адбылася не без дапамогi пэўных служб. Пра гэта сведчыць i тое, што крыху пазней начальнiк следчага аддзела пракуратуры Мiнска Сяргей Iваноў даў iнтэрв`ю сайту “Салiдарнасць”, дзе ўсё расклаў па палiчках: што ўзбуджана крымiнальная справа, па якiм артыкуле, падкрэслiваў, што гэта — асабiстая праблема Клiмава. Мы ж — нi Андрэй, нi я — нi пра якую крымiнальную справу не ведалi. Нам сталi тэлефанаваць знаёмыя, сябры, журналiсты... I Андрэй сам пайшоў у пракуратуру даведацца, якiя да яго прэтэнзii... Я магу дапусцiць, што пасля выступлення Лукашэнкi на гароднiннай базе, калi ён пагражаў, што надае “па мордах i саплях” усiм, хто замахваецца на ягоную ўладу, пракуратура ўзяла пад казырок i знайшла артыкул, якi б хоць аддалена нагадваў гэты самы “замах на ўладу”. I папярэдняй датай узбудзiла крымiнальную справу. I самае непрыемнае, што гэта зроблена пры дапамозе незалежных СМI. — Кажуць, у Вас самой праблемы са здароўем... — У мяне няма праблем са здароўем — у мяне праблемы толькi з нервамi. Ад гэтага — усё астатняе. — Вы маеце хоць нейкую надзею? — Я адкажу вам старажытнагрэчаскiм выслоўем: надзея водзiць за нос няшчасных людзей. Я заўсёды гляджу i глядзела на свет рэальна. Вось толькi зараз знаходжуся ў глыбокiм шоку, таму мозг адмаўляецца аналiзаваць, што адбываецца... Даведка 3 красавiка 2007 года пракуратура Мiнска прад`явiла Андрэю Клiмаву абвiнавачванне па частцы 3 артыкула 361 Крымiнальнага кодэкса — заклiкi да сiлавога звяржэння канстытуцыйнага ладу праз сродкi масавай iнфармацыi. Артыкул прадугледжвае ад двух да пяцi гадоў зняволення. Палiтык сам прыйшоў у пракуратуру праверыць звесткi, якiя сталi вядомы яму з розных крынiц. У гарадской пракуратуры А.Клiмаву прад`явiлi абвiнавачванне, мерай стрымання палiтыку абраны арышт на два месяцы.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|