Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларусь не будзе спяшацца ў Сусветную гандлёвую арганізацыю 15:14, 12/04/2007
Беларусь разглядае працэс уступлення ў Сусветную гандлёвую арганізацыю (СГА) выключна з пункту гледжання нацыянальных інтарэсаў і не будзе фарсіраваць яго, заявіў віцэ-прэм`ер урада Беларусі Андрэй Кабякоў, выступаючы падчас прэс-канферэнцыі прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі на яго просьбу.
"У нас няма "абязалаўкі" ўступіць у СГА на любых умовах. Працэс будзе праходзіць выключна з пункту гледжання нацыянальных інтарэсаў", – сказаў А.Кабякоў.
"Наш няўдзел у СГА ў горшы бок на эканоміцы не адаб`ецца", – адзначыў віцэ-прэм`ер і нагадаў, што Беларусь вядзе адпаведныя перамовы з 1993 года. Пры гэтым, па яго словах, эканоміка Беларусі ў шэрагу сектараў ужо цяпер працуе па правілах СГА і урад мае план адаптацыі нацыянальнай эканомікі ў цэлым да нормаў і правіл гэтай арганізацыі.
А.Кабякоў таксама адзначыў, што асноўны гандлёвы партнёр Беларусі, з якім адсутнічаюць унутраныя мытныя межы – Расея, "больш прасунутая ў працэсе ўступлення ў СГА". Паводле яго слоў, "у такой самай стадыі, як і Расея, у цэлым знаходзяцца Украіна і Казахстан".
На яго думку, "у кожнай з краін ёсць свае праблемы, якія замінаюць уступленню ў гэтую арганізацыю", бо "правілы СГА дыктуюць моцныя свету гэтага ў эканоміцы". Адзначыўшы гэтую супярэчнасць, А.Кабякоў заявіў, што "пад пытаннем знаходзіцца існаванне самой арганізацыі".
Тым не менш, характарызуючы перамоўны працэс Беларусі, віцэ-прэм`ер паведаміў, што рэспубліка вядзе цяпер двухбаковыя перамовы ў больш як 20 краінах, з 9 краінамі падпісаныя адпаведныя пратаколы. Па яго словах, неўзабаве чакаецца падпісанне двухбаковага пратаколу з Індыяй.
А.Кабякоў падкрэсліў, што найбольш складана перамовы па ўступленні Беларусі СГА праходзяць з ЗША. У прыватнасці, асноўным прадметам перамоў з`яўляецца магчымасць доступу на ўнутраны рынак Беларусі замежных страхавых кампаній і банкаўскага сектара, пры тым, што рэспубліка імкнецца абмежаваць такі доступ, растлумачыў віцэ-прэм`ер.
Рэзюмуючы словы віцэ-прэм`ера, прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што "калі ўвесь свет уступае ў СГА, а мы не ўступім туды, то ўсё роўна мы змушаныя будзем гандляваць па іх умовах".