Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Лукашэнка – беларускі Кашпіроўскі 17:47, 13/04/2007
Незалежныя эксперты не давяраюць запэўніванням Лукашэнкі пра бясхмарны пачатак 2007 года для беларускай эканомікі. Адказваючы 12 красавіка на пытанні журналістаў, Аляксандр Лукашэнка заявіў, у прыватнасці, што ў першым квартале гэтага года прыбыткі бюджэту былі перавыкананыя на 2,5–3 адсоткі. Кіраўнік дзяржавы таксама заявіў, што і ў цэлым па выніках года бюджэт будзе перавыкананы. Але аналітыкі перакананыя, што гэтыя лічбы не адлюстроўваюць сапраўднага стану спраў у беларускай эканоміцы.
“Увогуле я праблемы не бачу, калі наша статыстыка паказала рост на 2,5–3 адсоткі паступленняў у бюджэт. Пры інфляцыі гэта цалкам магчыма, – сказаў “Беларускаму партызану” кіраўнік аналітычнага цэнтра “Стратэгія” Леанід Заіка. – А за першы квартал інфляцыя на рынку вырабленай прамысловай прадукцыі склала звыш як 16 адсоткаў. Пры такіх лічбах, магчыма, што ў намінальным выразе бюджэт будзе перавыкананы. Уся справа ў тым, што больш высокія цэны даюць больш высокія паступленні ў бюджэце. А у рэальных цэнах прыбыткі ніхто не падлічвае”. Па словах аналітыка, калі б інфляцыя ў Беларусі была яшчэ вышэйшай, то і прыбыткі выраслі бы яшчэ больш.
“Накшталт за квартал ВУП вырас на 9 адсоткаў, але пры гэтым, калі паглядзець на тое, з чаго ён складаецца, то мы ўбачым, што прамысловасць вырасла ўсяго на 7 адсоткаў, а сельская гаспадарка – на 5. Яны гэта ўсё сумавалі і атрымалі чамусьці 9 адсоткаў. Вось гэта, мякка кажучы, выклікае глыбокую цікавасць да гэтых разлікаў”
На думку Л.Заікі, прэзідэнт “проста павінен супакоіць людзей. Павінен сказаць, што ўсё добра”. Іншая карціна эканамічнай сітуацыі вымалёўваецца з слоў кіраўніка “Стратэгіі”. “Я прывяду толькі дзве лічбы. У нас за квартал года экспарт застаўся на ўзроўні мінулага года, а ў фізічным аб`ёме нават паменшыўся на 10 адсоткаў. На ўнутраным рынку ідзе звычайны для нас рост прыбыткаў, рост спажывецкай актыўнасці, але нашу прадукцыю купляюць ужо на 10 адсоткаў менш, чым у мінулым. Напрыклад, экспарт у Нямеччыну паменшыўся ў 2 разы, а імпарт з Нямеччыны павялічыўся ў 3 разы. Вось такія лічбы”, – сказаў аналітык.
Больш за тое, па яго словах, “па становішчу на 12 красавіка казаць пра тое, якім будзе год, могуць толькі вельмі смелыя, вельмі сур`ёзныя, вельмі дасведчаныя эканамісты”. “Я такіх пакуль не бачу ў краіне”, – сказаў Л.Заіка. На меркаванне эксперта, на прэс-канферэнцыі прэзідэнт проста “выканаў ролю агульнанацыянальнага псіхатэрапеўта”. “Ён кажа, што ўсё добра, але эканамісты і аналітыкі так не лічаць. Я думаю, што ў нас узнікне шэраг крызісных сітуацый, у прыватнасці, з абменным курсам, і па экспарце, калі ён будзе ў такім самым жаласным стане, нам давядзецца ў Расеі слёзна прасіць грошы на стабілізацыю нашай валюты”, – канстатаваў эксперт.