Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Салідарнасьць дзеля Свабоды (Фота) 18:28, 16/04/2007
16 красавіка ў Беларусі і ва ўсім свеце традыцыйна адзначаецца Дзень беларускай салідарнасці. У Менску грамадзкія актывісты сёньня зладзілі акцыі на знак салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых, палітвязьняў і рэпрэсаваных беларускімі ўладамі грамадзянамі за ўдзел у апазыцыйнай дзейнасьці. Цягам дня на менскіх вуліцах і ў рэгіёнах зьяўляюцца расьцяжкі з патрабаваньнем вызваліць палітвязьняў, а таксама партрэты зьніклых і запаленыя сьвечкі каля іх.
Як паведаміла “Радыё Свабода”, першая расьцяжка ў Дзень салідарнасьці зьявілася ў Менску а 15-й гадзіне каля станцыі мэтро “Ўсход ” - “Свабоду маладафронтаўцам!”.
Моладзевыя актывісты дэмакратычнага руху скінулі з даху дома некалькі сотняў інфармацыйных улётак з патрабаваньнгем вызваліць палітвязьняў і спыніць перасьлед сяброў “Маладога фронту”.
У Салігорску, Жодзіне, Баранавічах, Нясьвіжы, Магілёве, Берасьці на сьценах будынкаў у людных месцах маладыя людзі наклеілі партрэты зьніклых у Беларусі лідэраў апазыцыі Юр’я Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і журналіста Зьмітра Завадзкага. Побач былі партрэты палітвязьняў Зьмітра Дашкевіча, Артура Фінькевіча, Кацярыны Садоўскай, Міколы Статкевіча, Паўла Севярынца і Андрэя Клімава.
Уздоўж праезных частак зьявіліся расьцяжкі “Свабоду палітвязьням!”, у тым ліку каля кінатэатра “Кастрычнік”.
У хуткім часе за турэмнымі кратамі могуць апынуцца пяцёра актыўных удзельнікаў гэтых акцыяў - маладафронтаўцы Барыс Гарэцкі, Зьміцер Хведарук, Наста Палажанка, Алег Корбан і Аляксей Янушэўскі. Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі. Справа знаходзіцца ў судзе Савецкага раёну Менску.
“Сёньняшняя акцыя салідарнасьці прысьвечаная “Маладому фронту”, таму што апошнім часам тая хваля рэпрэсіяў, якую распачаў КДБ і пракуратура, накіраваныя супраць маладафронтаўцаў. Калі мы раней патрабавалі вызваліць лідэраў “Маладога фронту” Паўла Севярынца, Зьмітра Дашкевіча і Артура Фінькевіча, то цяпер справа кранае нас саміх. Такім чынам, у нас ужо восем чалавек ці знаходзяцца ў турме, ці знаходзяцца пад пагрозай хутка там апынуцца”, -- паведаміў актывіст МФ Барыс Гарэцкі.
А восьмай вечара актывісты моладзевага дэмакратычнага руху правядуць кароткачасовыя вулічныя акцыі на знак салідарнасьці з палітрэпрэсаванымі.
У Літве, Нямеччыне, Латвіі, Эстоніі, Украіне, Бэльгіі, Польшчы адбудуцца пікеты насупраць будынкаў беларускай амбасады. Мінакі атрымаюць інфармацыйныя матэрыялы пра сытуацыю ў Беларусі.