Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Анатоль Лябедзька: «Павінны быць два пэўныя ўдзельнікі перамоўнага працэсу – гэта ўлада і апазіцыя» 15:16, 18/04/2007
17 красавіка беларуская дэлегацыя ў складзе старшыні Палітрады дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча, старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, намесніка старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоля Ляўковіча і намесніка старшыні Партыі камуністаў Беларускай Валерыя Ухналёва наведала Страсбург, дзе ўзяла ўдзел у паседжанні падкамітэта Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы па Беларусі. Беларускія дэмакраты сустрэліся з кіраўніцтвам Рады Еўропы і ПАРЕ. Падрабязнасці візіту у Страсбург прэс-цэнтру Хартыі’97 паведаміў лідэр АГП Анатоль Лябедзька, які дагэтуль знаходзіцца ў Страсбургу.
– Мы атрымалі запрашэнне наведаць сесію ПАРЕ ад кіраўніка падкамітэта па Беларусі Андрэса Херкеля. Галоўныя мерапрыемствы праходзілі 17 красавіка. Гэтае паседжанне падкамітэта ПАРЕ па Беларусі, а таксама прэс-канферэнцыя, у якой бралі ўдзел Рэнэ ван дэр Ліндэн, новы дакладчык Палітычнага камітэта ПАРЕ па Беларусі Андрэа Рыгоні, кіраўнік падкамітэта па Беларусі Андрэс Херкель, Аляксандр Мілінкевіч і я. Беларускія дэмакраты таксама сустрэліся з дакладчыкам ПАРЕ па Беларусі Андрэа Рыгоні, гэта была яго першая сустрэча з беларускай апазіцыяй. Аляксандр Мілінкевіч сустрэўся з Тэры Дэвісам і Рэнэ ван дэр Ліндэнам.
На паседжанні, акрамя сяброў падкамітэта, прысутнічалі Рэнэ ван дэр Ліндэн і вялікая колькасць дэпутатаў ПАРЕ, якія прадстаўляюць розныя краіны і фракцыі Асамблеі. У мяне былі пэўныя задачы, і сёння можна сказаць, што яны вырашаныя – я перадаў тэкст “малой канстытуцыі” асабіста ў рукі старшыне ПАРЕ ван дэр Ліндэну і суправаджальны ліст, падпісаны мной, Аляксандрам Мілінкевічам, Сяргеем Калякіным, Анатолем Ляўковічам і іншымі палітыкамі, у якім змешчаны зварот да Парламенцкай Асамблеі зрабіць прававую экспертызу тых напрацовак, якія падрыхтавалі ў Беларусі апазіцыйныя структуры, і ў прыватнасці, атрымаць экспертызу Венецыянскай камісіі. Ёсць падтрымка гэтай прапановы. У нас прайшлі перамовы з прадстаўнікамі самой Венецыянскай камісіі, і яе прадстаўнікі гатовыя правесці такую экспертызу. Другі пазітыўны вынік – гэтае рашэнне аб правядзенні спецыяльнай міжнароднай канферэнцыі па Беларусі з удзелам міжнародных структур, у тым ліку і Парламенцкую Асамблею Рады Еўропы. Дадзеная канферэнцыя пройдзе пад эгідай Еўрапейскага Звяза, з удзелам цэлага шэрагу міжнародных арганізацый, аб`яднаных дэмакратычных сілаў і ўлады. Парадак дня адзін – перамоўны працэс у Беларусі – так ці не? Калі так, то па якіх пытаннях і ў якіх часовых рамках. Цікавасць да гэтай ініцыятывы выказаў і Рыгоні падчас сустрэчы з намі. Таксама заявіў, што гэта цікавая ідэя, ван дэр Ліндэн.
– Які вынік паседжання падкамітэта па Беларусі?
– Сябры падкамітэта прынялі рэзалюцыю, у якой вітаюць рашэнні, прынятыя Віленскай канферэнцыяй. Таксама на ўсіх узроўнях размаўлялі пра сітуацыю ў Беларусі, пра палітвязняў, пра судовыя працэсы, якія павінны прайсці над актывістамі “Маладога Фронту”, над Андрэем Клімавым. Прагучаў заклік не забываць пра рэзалюцыі па Беларусі, прынятыя Асамблеяй і яе структурамі. Выкананне патрабаванняў гэтых рэзалюцый неабходна браць за аснову выбудоўвання стасункаў з беларускімі ўладамі. Андрэа Рыгоні ўжо заявіў, што будзе вывучаць усе дакументы, прынятыя па Беларусі раней, каб улічваць гэта ў сваёй працы. Мы таксама рэкамендавалі, каб прадстаўнікі міжнародных арганізацый прыязджалі у Беларусь не па адзіночцы, таму што Рыгоні, напрыклад, заявіў, што гатовы прыехаць у Менск ужо ў жніўні. Я яму параіў, каб ён прыехаў у складзе парламенцкай “тройкі”, у якую б уваходзілі прадстаўнікі Еўрапарламента, ПАРЕ і ПА АБСЕ.
– Як ПАРЕ мае намер будаваць стасункі з беларускімі ўладамі?
– Мы перадалі пазіцыю Палітрады аб`яднаных дэмакратычных сілаў у дачыненні да дыялогу як да палітычнага працэсу. Цяпер трэба вызначыцца, што разумеецца пад словам “дыялог”. Для шматлікіх еўрапейцаў – гэта проста камунікацыі, для нас – перамоўны працэс з пэўным парадкам дня, з абмеркаваннем пытанняў, якія прынцыпова змяняюць сітуацыю. Прапанаваная міжнародная канферэнцыя прадугледжвае дыялог улады і апазіцыі пры пасрэдніцтве міжнародных структур. Павінны быць два пэўныя удзельнікі перамоўнага працэсу – гэта ўлада і апазіцыя. А міжнародныя арганізацыі выконваюць функцыі пасярэдніка, мадэратара.
– Ці было якое-небудзь агульнае пасланне еўрапейцам ад беларускай дэлегацыі?
– Безумоўна. Учора на падкамітэце я ад імя аб`яднаных дэмакратычных сілаў казаў пра далейшую стратэгію апазіцыі. Пад дакументамі, якія мы перадавалі, стаяць подпісы і Мілінкевіча, і мой, і Калякіна, і Ляўковіча і іншых лідэраў. Пасля прарыву на Віленскай канферэнцыі нам было значна прасцей працаваць разам. Па ўсіх пытаннях у нас была агульная пазіцыя.