|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Андрэй Клімаў не бярэ ўдзелу ў сьледчых дзеяньнях 14:26, 19/04/2007 19 красавіка Тацяна Клімава занесла ў турму перадачу для свайго мужа, былога дэпутата Андрэя Клімава. Яго больш як два тыдні таму арыштавалі паводле абвінавачаньня ў закліках скінуць уладу. Перадача важыць 15 кіляграмаў, у асноўным гэта харчы й адзеньне. “Кніг ды газэтаў перадаваць не дазваляюць”, — кажа Тацяна. Паводле лістоў, якія ёй дасылае Андрэй, у сьледчых дзеяньнях ён па-ранейшаму ўдзельнічаць адмаўляецца, на допытах маўчыць. Тацяне Клімавай вядома пра сьледзтва няшмат: “Ён апісаў мне адзін камічны эпізод, як да яго прыйшоў сьледчы Гадун і, паказваючы “БелГазету”, казаў, што нібыта нават там напісана, што цяпер Андрэю ня выкруціцца. Мне здаецца, гэта красамоўна, што на яго спрабуюць паўзьдзейнічаць праз газэту”, -- паведаміла жанчына. Сьледчы менскай пракуратуры Анатоль Гадун, які вядзе справу Клімава, адмаўляецца яе камэнтаваць. Раней сьледчы заяўляў, што “сьледзтва ідзе паводле пляну”. Тацяна Клімава кажа, што кожны дзень атрымлівае ад мужа ліст і піша яму адказ. На ўмовы ён ня скардзіцца. Вось што Андрэй напісаў пра сваю камэру, кажа Тацяна: “У камэры ёсьць тэлевізар, але ідзе ён вельмі дрэнна. І паказваюць там стандартны набор праграм дзяржаўнага тэлебачаньня. Такім чынам Андрэй можа пабыць у скуры звычайнага грамадзяніна Беларусі, якому прамываюць мазгі”. Газэтаў Андрэй Клімаў пакуль не атрымоўвае, бо падпісацца на іх можна толькі ад пачатку месяца. У траўні ён пачне атрымоўваць газэты, якімі яго забясьпечыць жонка: “Я вырашыла паўдзельнічаць у шляхетнай справе прамываньня мазгоў і выпісала яму “Советскую Белоруссию”. Гэта акрамя “Известий”, “Комсомольской правды”, “БелГазеты”, “Белорусскога рынка”. На жаль, не ўдалося выпісаць “Народнай волі”, “Нашай Нівы” і “Свободных новостей”, бо яны ня ўключаныя у каталёг”, -- распавяла Клімава. Нагадаем, паводле абвінавачаньня ў закліках скінуць уладу палітыку пагражае да 3 гадоў зьняволеньня. Раней Клімаў, актыўны апанэнт Лукашэнкі, ужо адбыў болей за чатыры гады зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў эканамічных злачынствах і 15 месяцаў “хіміі” за арганізацыю вулічнай акцыі пратэсту. Усяго за кратамі палітык прабыў 5,5 гадоў.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|