Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Льготы адмяняюць – студэнты дзейнічаюць 10:47, 19/04/2007
Запланаваны разгляд пытання аб пазбаўленні льгот на праезд для студэнтаў у канцы траўня выклікаў у большасці студэнтаў незадаволенасць, якая перарасла ва ўзгодненыя актыўныя дзеянні.
Як паведамляе Беларускі Хельсінкскі камітэт, з патрабаваннем абараніць інтарэсы навучэнцаў студэнты розных менскіх ВНУ пачалі збор подпісаў пад зваротам да дэпутатаў “палаты прадстаўнікоў”. Збіраюцца подпісы ў інтэрнаце Беларускага дзяржаўнага універсітэта па адрасе Пераможцаў, 9, студэнцкіх мястэчках БДУ па вуліцах Курчатава і Кастрычніцкай, студэнцкім мястэчку Беларускага нацыянальнага тэхнічнага універсітэта па вуліцы Я. Коласа, 29 і Незалежнасці, 63. Таксама збіраюцца подпісы да старшыні камісіі па адукацыі “палаты прадстаўнікоў”. Распаўсюджваецца інфармацыя аб праблеме ў БДУ (на філалагічным, гістарычным, юрыдычным факультэтах, факультэтах журналістыкі і міжнародных стасункаў), БДУІР, БНТУ, БДПУ, БДЛУ.
Дзеянні ў абарону інтарэсаў студэнтаў падтрымала Камісія па правах моладзі, якая навучаецца, Беларускага Хельсінскага Камітэта. БХК выказаў сваю пазіцыю па становішчы беларускіх студэнтаў старшыне “палаты прадстаўнікоў” Уладзіміру Канаплёву і накіраваў ліст з просьбай уключыць свайго прадстаўніка ў запланаваную сустрэчу з “дэпутатамі” па дадзеным пытанні 27 красавіка. Спецыялістамі БХК аказваецца прававая дапамога моладзевым актывістам.
Для каардынацыі сумесных дзеянняў актывістамі створаны інтэрнет-сайт: www.stoodle.org. Удзельнікі кампаніі звяртаюцца да СМІ з просьбай аказаць інфармацыйную падтрымку дзеянням, якія праводзяцца.