Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Медыкаў з розных краінаў сьвету непакоіць вяртаньне ў Беларусь карнай псіхіятрыі 10:30, 20/04/2007
Міжнародны Савет па псіхічнаму здароўю адрэагаваў на факт прымусовай шпіталізацыі беларускай актывісткі апазіцыі Крысьціны Шацікавай. Міжнародны савет зьвярнуўся да Сусветнай псіхіятрычнай асацыяцыі і непасрэдна да яе прэзідэнта прафесара Джоана Меццыга. У звароце, які падпісалі аўтарытэтныя спецыялісты ў галіне псіхіятрыі, кіраўнікі акадэмій і каледжаў псіхіятрыі са Злучаных Штатаў, Аўстраліі і Новай Зеландыі, а таксама іншых краінаў, у прыватнасьці выказваецца занепакоенасьць тым здарэньнем, якое мела месца ў Беларусі, калі супраць уласнай волі і пад прымусам Крысьціна Шацікава была шпіталізавана ў псіхіятрычную лякарню і цягам трох дзён ёй аказвалася прымусовае лячэньне.
Міжнародны Савет непакоіцца тым, што без умяшальніцтва Сусветнай асацыяцыі псіхіятрыі існуе рэальная небяспека перайманьня ў Рэспубліцы Беларусь тактыкі былога Савецкага Саюзу, калі псіхічна здаровыя палітычныя дысідэнты і іншыя грамадзяне падлягалі прымусовай шпіталізацыі і змяшчаліся ў закрытыя і надзейна ахоўваемыя ўстановы.
Міжнародныя псіхіятры спадзяюцца, што Сусветная асацыяцыя тэрмінова адрэагуе на незвычайнае здарэньне ў Беларусі належным чынам.
Нагадаем, што грамадскую актывістку Крысьціну Шацікаву затрымалі 22 сакавіка ў Менску і адвезьлі ў Магілёў, дзе адбыўся допыт у КДБ. Практычна адразу па выхадзе з будынку да Шацікавай пад’ехала машына і людзі ў цывільным гвалтоўна ўцягнулі яе туды.
Пазьней, як паведаміла на прэс-канферэнцыі ў Менску Крысьціна Шацікава журналістам, яе адвезьлі ў псыхіятрычны шпіталь, дзе прывязалі да ложку і калолі псыхатропнымі прэпаратамі, сярод якіх быў сібазон. Пазьней актывістка падала ў Магілёўскую пракуратуру скаргу на гвалтоўнае зьмяшчэньне ў псыхіятрычны шпіталь, дзе яе утрымлівалі з 23 да 26 сакавіка.