Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
ВВС: Штучныя радыеактыўныя дажджы над Беларуссю і Украінай выратавалі Маскву 12:03, 23/04/2007
Тэлеканал BBC2 пакажа сёння дакументальны фільм, які распавядае пра ролю савецкіх паветраных сілаў у прадухіленні распаўсюджвання радыеактыўнага забруджвання на тэрыторыю Расеі пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС у 1986-м годзе.
The Sunday Telegraph цытуе інтэрв`ю з маёрам савецкіх ВПС Аляксеем Грушыным, які распавёў брытанскім дакументалістам, як 21 год таму ўдзельнічаў у аперацыі, мэтай якой было стварэнне штучных ападкаў над раёнам Чарнобыля, каб "змыць" радыеактыўныя часціцы і не даць ім распаўсюдзіцца ў бок буйных населеных пунктаў – найперш, у бок Масквы.
Лётчыкі распылялі над Чарнобылем ёдыд срэбра (AgI), што прыводзіла да стварэння ў паветры буйных кропель вады, якія выпадалі ў відзе дажджу. Аўтары фільма адзначаюць, што дзеля выратавання сталіцы СССР ад радыеактыўных ападкаў ахвяравалі больш як 4.000 квадратных міль тэрыторыі Беларусі.
"Вецер дуў з захаду на ўсход, – успамінае Грушын, – і радыеактыўныя аблокі пагражалі дасягнуць Масквы, Варонежа, Ніжняга Ноўгарада, Яраслаўля. Калі б дождж прайшоў над гэтымі гарадамі, гэта было б катастрофай для мільёнаў. Раён, дзе мая каманда ўздзейнічала на аблокі, знаходзіўся побач з Чарнобылем – не толькі ў 30-кіламетровай зоне, але і на адлегласці 50, 70 і нават 100 км".
Як адзначае The Sunday Telegraph, у Крамлю заўсёды адмаўлялі, што над Беларуссю ствараліся штучныя дажджы пасля Чарнобыльскай катастрофы. Але летась, калі адзначалася 20-годдзе пасля катастрофы, Аляксей Грушын апынуўся адным з тых, хто знайшоў у сабе мужнасць распавесці праўду. Ён таксама гаворыць пра тое, што за сваю працу атрымаў дзяржаўную ўзнагароду.
Жыхары Гомеля памятаюць, як неўзабаве пасля выбуху ў Чарнобылі над горадам выпаў "чорны дождж". Сёння вядома, што гэты дождж быў радыеактыўным і створаным штучна.