Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Улады Гародні «перавялі час» і адмовілі РЭП у рэгістрацыі 14:21, 23/04/2007
Гарадзенскі гарвыканкам адмовіў у рэгістрацыі гарадской першаснай арганізацыі прафсаюза працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці, паведамляе www.praca-by.info. Калі ў мінулы раз службоўцы палічылі немэтазгоднай рэгістрацыю структуры незалежнага прафсаюза РЭП, то гэтым разам знайшлася фармальная прычына для адмовы.
Па версіі гарадскіх улад, прафсаюз спазніўся з падачай дакументаў. Устаноўчы сход пяршоўкі прайшоў 7 лютага, а ў гарвыканкам дакументы паступілі 12 сакавіка, гэта значыць прайшло больш за дазволены месячны тэрмін. У прафсаюзе лічаць, што прычына адмовы надуманая і супярэчыць закону. Дакументы былі адпраўленыя заказным лістом 6 сакавіка, пра што сведчыць паштовы штамп на канверце.
Юрыст РЭП Жана Запрыварына пагутарыла з загадчыкам юрыдычнага аддзела гарадзенскага гарвыканкама Валерыем Шанцілам. Прафсаюзны юрыст аргументавала неправамерныя дзеянні службоўцаў, спаслаўшыся на пункт 2 артыкула 195 Грамадзянскага Кодэкса, паводле якога, пісьмовыя заявы, здадзеныя на пошту да 24 гадзін апошняга дня тэрміна, лічацца здадзенымі ў тэрмін. Аднак, як распавяла Жана Запрыварына, Валеры Шанціла адказаў, што ён лічыць па ўваходнай даце, і прапанаваў прафсаюзу звярнуцца ў суд.
"Спасылка на тое, што дакументы пададзеныя не ў тэрмін, абсалютна неабгрунтаваная. Гарадзенскія службоўцы неаднаразова адшуквалі ўсякія прычыны, каб не рэгістраваць нашы структуры. Мы выдатна бачым, што ў іх няма нават намераў рэгістраваць пяршоўку", – пракаментавала адмову ў рэгістрацыі супрацоўніца прававой службы РЭП Алена Яськова. Яна паведаміла, што неўзабаве прафсаюз падасць дакументы на рэгістрацыю паўторна.
Варта таксама адзначыць, што гэтым разам гарадзенскія ўлады не абмежаваліся простай адмовай незалежнаму прафсаюзу. Яны падсілкавалі яго сваім прызнаннем таго, што "важнае месца ў сістэме правоў і свабод чалавека і грамадзяніна займае канстытуцыйнае права на аб`яднанне". Менавіта з такіх слоў пачынаецца ліст гарвыканкама, адрасаваны старшыне прафсаюза РЭП, у якім паведамляецца аб адмове ў рэгістрацыі пяршоўкі.