Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Сівакоў можа беспакарана праслаўляць Гітлера 16:57, 23/04/2007
Менскі гарадзкі суд пакінуў без задавальненьня касацыйную скаргу сябра Сойма Партыі БНФ Валянціны Сьвяцкай., паведаміла “Радыё Свабода”. Жанчына прасіла адмяніць рашэньне суду Фрунзенскага раёну Менску, які пастанавіў не прыцягваць да адказнасьці былога міністра ўнутраных спраў Беларусі Юр’я Сівакова. Заяўніца таксама дамагаецца маральнай і матэрыяльнай кампэнсацыі ад Беларускай асацыяцыі вэтэранаў спэцпадразьдзяленьняў Міністэрства ўнутраных справаў “Гонар”.
Падставай для звароту ў суд стала публікацыя Юр’я Сівакова ў часопісе асацыяцыі “Журнал специального назначения”.
Аўтар артыкулу даў станоўчую ацэнку кодэксу гонару афіцэра ў войску Гітлера. Фрунзенскі раённы суд не палічыў, што гэтымі выказваньнямі спадар Сівакоў абразіў гонар і годнасьць Валянціны Сьвяцкай. Менскі гарадзкі суд такое рашэньне сёньня падцьвердзіў.
Валянціна Сьвяцкая кажа, што не чакала станоўчага для сябе рашэньня ні ад раённага, ні ад гарадзкога судоў.
“Вы думаеце, што я чакала нечага іншага? Я ж нічога і не чакала, бо ў нашай краіне, я лічу, пакуль што не працуе закон. Калі б барані Бог, нехта зь сяброў партыі напісаў бы такое, то і партыі ўжо не было б”, — кажа Сьвяцкая.
Аднак яна не зьбіраецца адмаўляцца ад барацьбы. Як паведаміла Валянціна Сьвяцкая, неўзабаве яна будзе зьвяртацца ў Вярхоўны Суд Беларусі, а таксама накіруе заяву ў Камісію правоў чалавека пры ААН.
Юры Сівакоў пасьля перамогі Лукашэнкі на выбарах 1994 году ў розныя гады займаў пасады міністра ўнутраных справаў, міністра спорту, намесьніка кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі.
У верасьні 2004 году яго ўключылі ў сьпіс вышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў, якім Эўразьвяз пастанавіў забараніць выдачу візаў, бо іх падазравалі ў датычнасьці да зьнікненьня апазыцыйных палітыкаў.