Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Сарказі і Руаяль выйшлі ў другі тур прэзідэнцкіх выбараў у Францыі 10:19, 23/04/2007
Па дадзеных exit-polls, у другі тур прэзідэнцкіх выбараў у Францыі выходзяць Нікаля Сарказі і Сегален Руаяль. Паводле гэтых дадзеных, на першым месцы кандыдат ад улады Сарказі – ён набраў 30%, на другім месцы сацыялістка Руаяль – 25,5%. Далей ідзе цэнтрыст Франсуа Байру – 19%, нацыяналіст Ле Пен набраў каля 11%, паведамляе NEWSru.com са спасылкай на Le Temps.
Бельгійскае інфармагенцтва Belga таксама паведаміла, што кандыдаты ў прэзідэнты Францыі Нікаля Сарказі і Сегален Руаяль выходзяць у другі тур.
Яўка выбаршчыкаў склала небывалыя 87%. Гэта дадзеныя МУС краіны. Актыўнасць выбаршчыкаў прыкметна вышэйшая за першым туры папярэдніх прэзідэнцкіх выбараў, які адбыўся ў красавіку 2002 года. Як адзначаюць эксперты, галасуе вельмі шмат моладзі.
Барацьбу за месца ў Елісейскім палацы вядуць 12 кандыдатаў. Для перамогі аднаму з іх неабходна атрымаць больш як 50% галасоў. Відавочна, што гэтага не адбудзецца, і будзе другі тур (ён запланаваны на 6 траўня).
Сарказі абяцаў "разрыў" з спадчынай прэзідэнта Жака Шырака, які сыходзіць са сваёй пасады, і больш рашучыя эканамічныя рэформы. Руаяль прадстаўляла сябе як першую жанчыну, здольную заняць вышэйшы пост у дзяржаве, і прыхільніцу сацыяльнай справядлівасці.
Канчатковыя вынікі волевыяўлення французаў, нават у выпадку ўзнікнення цяжкасцяў з падлікам галасоў Канстытуцыйная рада Францыі абавязаная апублікаваць не пазней за 20:00 серады 25 красавіка.
У суботу выбары прэзідэнта Францыі прайшлі ў заморскіх дэпартаментах краіны – у Гвадэлупе, на Мартыніцы, у Французскай Гвіяне, на Сен-П`еры і Мікелоне, у Французскай Палінэзіі.
Галасаванне ў заморскіх дэпартаментах спецыяльна праводзяцца на дзень раней, каб з прычыны адрознення ў гадзінных паясах мясцовым жыхарам не давялося галасаваць, калі вынікі ў метраполіі ўжо вядомыя.
Французскім выбаршчыкам прапаноўваецца не адзін бюлетэнь з спісам кандыдатаў, а 12 – кожны з імем аднаго кандыдата. Толькі адзін з гэтых бюлетэняў выбаршчыкі запячатваюць у канверт у зачыненай кабінцы для галасавання і потым апускаюць у празрыстую ўрну на вачах назіральнікаў. Варыянт галасавання "супраць усіх" выключаны, паведамляе ВПС.
Усяго ў Францыі зарэгістраваныя 44,5 млн выбаршчыкаў, якія валодаюць правам голасу. З іх 3,3 мільёны будуць галасаваць на прэзідэнцкіх выбарах упершыню. Гэта не толькі моладзь, але і тыя, хто раней не ўдзельнічаў у палітычным жыцці краіны зусім.
Шмат хто звязвае павелічэнне колькасці выбаршчыкаў з беспарадкамі ў бедных прыгарадах французскіх гарадоў у канцы 2005 года і, як следства, з палітычнай актыўнасцю моладзі і прадстаўнікоў этнічных меншасцяў.
У французскай гісторыі прэзідэнтам яшчэ ніколі не станавілася жанчына. Руаяль, першая з францужанак, якая наблізілася да мэты, лічыць, што ў сілу гэтага яе абранне было б "падзеяй планетарнага маштабу". Яна абяцае "развіваць краіну на трывалых асновах: сям`я, адукацыя, занятасць, экалогія і справядлівы парадак". "Я веру, што выйграю", – заяўляе кандыдат сацыялістаў, хоць пакуль яе рэйтынг – другі.