|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Чаго чакаць беларускім НПЗ ад 2007 года? 10:47, 24/04/2007 Удзел у канферэнцыі шэрагу буйных банкаў, трэйдараў і спажыўцоў з Усходняй і Заходняй Еўропы не гаворыць пра тое, што беларускі рынак нафтаперапрацоўкі стаў больш прывабным. Мерапрыемства было разлічанае найперш на пашырэнне кантактаў беларускіх НПЗ з пастаўшчыкамі нафты і пошук крэдытораў. Нагадаем, што з пачатку года нафтаперапрацоўчыя заводы працуюць у новых умовах. Як адзначыў падчас канферэнцый намеснік старшыні канцэрна “Белнафтахім” Міхаіл Асіпенка, увядзенне РФ мытнай пошліны на нафту, якая пастаўляецца ў Беларусь, і павелічэнне РБ увазных мытных пошлін на нафтапрадукты да ўзроўню расейскіх радыкальна змяніла эканоміку нафтаперапрацоўкі ў гэтым годзе. Таму з пачатку года быў адзначаны сыход большасці расейскіх нафтавых кампаній, якія традыцыйна пастаўлялі давальніцкую сыравіну на беларускі рынак. Для таго каб вярнуць давальцаў, было прынятае рашэнне аб частковым пакрыцці ім выдаткаў, звязаных з увядзеннем увазной пошліны на нафту. Па словах М.Асіпенкі, кампенсаванне ў памеры 24 USD/т атрымаюць тыя кампаніі, якія своечасова аформяць дакументы на яе выдзяленне па стане на 1 лютага. Кампаніі, афіляваныя “Раснафты” і “Татнафты”, іх ужо аформілі, іншыя знаходзяцца ў стадыі афармлення. Мяркуецца разгледзець таксама павелічэнне памеру кампенсавання давальцам у памеры 90% ад стаўкі пошліны, але гэты праект, па словах М.Асіпенкі, “пакуль да кіраўніка дзяржавы не дайшоў”. У кіраўніцтве “Белнафтахіма” засведчваюць, што аб`ёмы перапрацоўкі пасля сыходу давальцаў былі папоўненыя за кошт закупаў нафты самімі НПЗ, вытворчыя магутнасці заводаў загружаныя цалкам, а па выніках трох месяцаў гэтага года прадпрыемствамі канцэрна “забяспечваецца станоўчая дынаміка па ўсіх паказчыках”. “Я пераканаўча заяўляю, што НПЗ па выніках першага квартала будуць мець рэнтабельнасць не менш за 5%”, – запэўніў журналістаў М.Асіпенка. Сродкі на далейшы закуп нафты НПЗ, па яго словах, будуць знойдзеныя за кошт прыцягнення замежных банкаўскіх крэдытаў. Так, зыходзячы з планаванага аб`ёму нафтаперапрацоўкі ў красавіку на ўзроўні 1,8–1,9 млн. т, для закупу нафты патрабуецца больш як 400 млн. USD у месяц. Разам з тым, як лічаць прадстаўнікі беларускіх НПЗ, пасля адмовы расейскіх давальцаў пастаўляць нафту з прычыны эканамічна неэфектыўнай перапрацоўкі, фінансавае становішча заводаў значна пагоршылася, а цягам трох месяцаў ААТ “Нафтан” і “Мазырскі НПЗ” працуюць у “мінусе”. Становішча МНПЗ пагоршылася рашэннем урада аб пераліку ў безакцэптным парадку ў фонд нацыянальнага развіцця каля 100 млн. USD прыбытку за 2005 г., якое прывяло да запаволення рэалізацыі прыярытэтных інвестпраектаў у мадэрнізацыю прадпрыемства. Па ацэнках прадстаўнікоў МНПЗ, калі праграма тэхнічнага пераўзбраення коштам звыш як 630 млн. USD, разлічаная да 2010 г., не будзе выкананая, прадукцыя прадпрыемства ўжо праз два гады не будзе адказваць еўрапейскім стандартам. Па словах намесніка галоўнага інжынера ААТ “Нафтан” Анатоля Канстанцінава, яго прадпрыемства фактычна нерэнтабельнае. “І гэта дзіўна, бо нафта купляецца па цэнах, ніжэйшых за сусветныя”, – сказаў ён. Ва ўмовах, у якіх знаходзіцца завод, праграма тэхнічнага пераўзбраення, коштам звыш як 660 млн.USD, практычна невыканальная, лічыць ён. У сваю чаргу, гендырэктар “Нафтана” Вячаслаў Якушаў дадаў, што цяпер на прадпрыемстве прыпыненыя ўсе інвестпраекты, а з расейскіх давальніцкіх структур з “Нафтанам” працуе толькі кампанія “Раснафты” – “Юнівест-М”. “Каб развівацца далей, нам трэба браць у вялікіх аб`ёмах інвестыцыйныя крэдыты, але для гэтага ў нас павінен быць свой прыбытак”, – сказаў ён. У той самы час, па словах сябра ўпраўлення ААТ “Пріорбанка” Вадзіма Мацюшкіна, беларускія банкі не ў стане задаволіць запатрабаванні нафтавых кампаній, а “зацягнуць замежныя банкі ў сумеснае крэдытаванне няпроста”. Ён адзначыў, што пераход на новыя ўмовы паставак нафты і экспарту нафтапрадуктаў выявіў шэраг праблем, у першую чаргу, нестабільнасць беларускага заканадаўства па дачыненні да нафтатрэйдараў і нафтаперапрацоўшчыкаў. Па словах банкіра, з пачатку года перад прадпрыемствамі востра стаіць пытанне канвертацыі рублёвай выручкі для разлікаў па валютных крэдытах. “Рэзкае падвышэнне рэнтабельнасці ўнутранага рынку прывяло да праблем з канвертацыяй валюты. Гэта – буйныя сумы, і не было ўпэўненасці, што Нацбанк мог забяспечыць канвертацыю. Гэтая няўпэўненасць працягвае захоўвацца”, – сказаў прадстаўнік «Пріорбанка», звярнуўшы ўвагу таксама на рост крэдыторскай запазычанасці беларускіх НПЗ. Акрамя таго, В.Мацюшкін адзначыў занепакоенасць беларускіх банкаў дэфіцытам інфармацыі з боку ўрада. “Незразумелая стратэгія дзяржавы, у нас няма аб`ектыўнай карціны нафтавага сектара, і мы не ведаем, якія крокі распачне ўрад па яго рэгуляванні”, – сказаў ён. На думку банкіра, сітуацыя з фінансаваннем закупу нафты чарговы раз зменіцца пасля стварэння Беларускай нафтавай кампаніі, якая павінна пачаць працу з 1 ліпеня гэтага года. Ён лічыць, што калі гэтая кампанія аб`яднае закуп усёй нафты, то аб`ём фінансавання яе дзейнасці павінен скласці не менш як 500–600 млн. USD у месяц. Па яго словах, «Raiffeisen» можа фінансаваць дзейнасць гэтай кампаніі, але “інвестарам неабходна разуменне, каго яны фінансуюць і навошта. Акрамя таго, “інвестар павінен бачыць стратэгію пазычальніка, а не толькі запэўнення, што ўсё будзе добра”. Усе гэтыя ўмовы, а таксама пераход на новую цэнавую формулу закупу нафты і рэалізацыі нафтапрадуктаў падвысілі банкаўскія рызыкі, таму «Пріорбанк» змушаны вярнуцца да класічнай схемы крэдытавання, калі наяўнасць кантракту на экспарт нафтапрадуктаў стане абавязковай умовай для атрымання крэдыту на закуп нафты. Разам з тым прадстаўнік «Пріорбанка» паабяцаў, што заданне ўрада па прыцягненні знешніх крэдытаў для фінансавання НПЗ будзе ў любым выпадку выканана, нягледзячы на тое, што доля крэдытаў у структуры балансу «Пріорбанка» ужо складае крытычныя 80%. “Заводы павінны працаваць, і яны будуць працаваць”, – сказаў В.Мацюшкін. Як бачаць у Расеі сітуацыю ў беларускай нафтаперапрацоўцы? Якаў РУДЭРМАН, гендырэктар даследчай групы “Петромаркет” – Раней беларускі рынак быў надзвычай прывабным для расейскіх давальніцкіх кампаній, але змена ўмоў пастаўкі нафты і экспарту нафтапрадуктаў, а таксама падвышэнне рэнтабельнасці нафтаперапрацоўкі ў Расеі карэнным чынам паўплывалі на гэтую сітуацыю. Акрамя таго, у 2005–2006 гады ў Расеі знізіліся тэмпы здабычы нафты, і той аб`ём прыросту, які раней накіроўваўся на экспарт, стаў накіроўвацца на перапрацоўку. У плане аб`ёму расейскіх паставак лепшым для Беларусі быў 2006 г., калі яе доля ў агульным аб`ёме расейскага экспарту нафты складала 8,3%. У Беларусь нафта пастаўлялася з усіх расейскіх рэгіёнаў усімі відамі транспарту – нават чыгуначныя пастаўкі былі эфектыўнымі. З Беларуссю працавалі практычна ўсе расейскія кампаніі. У 2006 г. беларускі экспарт расейскай нафты дасягнуў больш як 1,1 млн. т, аб`ём перапрацоўкі ў рэспубліцы склаў 750 тыс. т. Да кастрычніка 2006 г. пастаўкі былі раўнамернымі, каля 60 тыс. т у суткі. Калі ў кастрычніку адбылося падзенне, яно фармальна было растлумачанае паніжэннем ціску ў трубе на загад “Транснафты”, але трэба разумець, што насамрэч за гэтым стаяла адрозненне інтарэсаў бакоў, якія ўдзельнічаюць у гэтых працэсах. Гэтыя рознагалоссі прывялі да змены для Беларусі з студзеня 2007 г. умоў пастаўкі нафты і экспарту нафтапрадуктаў, што, у сваю чаргу, “забіла” давальніцкую перапрацоўку і ў цэлым вельмі негатыўна адбілася на нафтаперапрацоўчым комплексе краіны. Беларусь не здольная сама купляць нафту, у пытаннях паставак нафтавай сыравіны краіна цалкам залежыць ад Расеі і з гэтым трэба нешта рабіць. Поспех мадэрнізацыі беларускіх НПЗ наўпрост залежыць ад таго, як будуць загружаныя іх магутнасці. У 2007 г. Беларусь, хутчэй за ўсё, не здолее экспартаваць нафту, якая здабываецца ў рэспубліцы, а будзе накіроўваць яе на перапрацоўку на свае НПЗ. Цяпер аб`ёмы прапампоўкі для Беларусі недастатковыя. Па прагнозах экспертаў, з 1 ліпеня 2007 г. сітуацыя з загрузкай беларускіх НПЗ яшчэ больш пагоршыцца ў сувязі з чаканым ростам пошлін у Расеі. Акрамя таго, будаўніцтва Расеяй нафтаправода Унеча – Прыморск і нафтаправода Усходняя Сібір – Ціхі акіян створыць дадатковыя рызыкі па скарачэнні аб`ёмаў паставак расейскай нафты ў Беларусь. Нягледзячы на тое, што наўрад ці магутнасці дадзенага нафтаправода складуць больш як 30 млн. т у год, калі эканоміка гэтага напрамку будзе добрай, пацерпяць іншыя рынкі, у тым ліку беларускі. Разам з тым радыкальных рызык паніжэння паставак у Беларусь няма, бо ў Расеі пакуль не існуе альтэрнатывы перакідання 12–15 млн. т нафты. Таму ўзаемавыгаднае рашэнне павінна быць знойдзенае выключна на палітычным узроўні дзвюх краін.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|