Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Сідорскі заяўляе пра стагнацыю і сур’ёзныя праблемы ў эканоміцы 17:31, 24/04/2007
Прэм`ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі сёння на паседжанні Савета міністраў жорстка раскрытыкаваў працу ўрада. Па словах прэм`ер-міністра, першы квартал 2007 года стаўся "цалкам правальным" па праблеме рэалізацыі бытавой тэхнікі прадпрыемствамі Міністэрства прамысловасці, а "Белдзяржхарчпрам" фактычна стагнуе. Больш за тое – "Белнафтахім" па выніках 1 квартала не дабраў з балансу паліўна-энергетычных рэсурсаў больш за 1 млн тон нафты.
Паводле дадзеных, прыведзеных прэм`ерам, у 4,4 разы павялічыліся складскія запасы халадзільнікаў, каля 200% – запасы пральных машын, "фактычна можна казаць пра страту тэлевізійнага рынку для айчынных тэлевізараў", – сказаў С.Сідорскі.
Прэм`ер-міністр Беларусі выказаў рэзкую крытыку працы прадпрыемстваў канцэрна "Белдзяржхарчпрам" і заявіў пра фактычную стагнацыю галіны.
"Фактычна галіна "Белдзяржхарчпраму", прыкрываючыся цукровымі праблемамі, стагнуе", – сказаў С.Сідорскі.
Прэм`ер-міністр заявіў, што кіраўніцтва канцэрна спрабуе перавесці ўсе праблемы "ў цукар". "Што, няма іншых праблем? Ёсць", – сказаў кіраўнік урада, падкрэсліўшы, што ў 1-м квартале маргарынавай прадукцыі выраблена толькі 77% ад плану, мыла – 70–58%, кандытарскіх вырабаў – менш за 100%. "Цукрам гэтая тэма не закрываецца", – падкрэсліў прэм`ер-міністр.
С.Сідорскі таксама нагадаў, што раней патрабаваў разабрацца ў вытворчасці і завозе зубной пасты, зазначыўшы, што ў 1 квартале завезеныя 4,3 млн туб. Пра гэта паведаміў "Інтэрфакс".
Акрамя таго, канцэрн "Белнафтахім" па выніках 1 квартала не дабраў з балансу паліўна-энергетычных рэсурсаў больш за 1 млн тон нафты, заявіў Сяргей Сідорскі.
"У студзені мы мелі адставанне 700 тыс. тон з прычыны адсутнасці паставак нафты, але чаму па выніках мы не здолелі забраць па графіку балансу больш за 1 млн тон", – задаў пытанне прэм`ер-міністр, запатрабаваўшы ад канцэрна даць адказ, як будзе ліквідавацца адставанне.
Прэм`ер-міністр разам з тым адказаў, што беларускія нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы выпрацавалі механізм набыцця нафты за крэдытныя рэсурсы. "Цягам 1 квартала нашы заводы змушаныя былі набываць нафту за крэдытныя рэсурсы і нашы прадпрыемствы з гэтым зладзіліся", – адзначыў прэм`ер-міністр.