Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Дэмакраты Віцебшчыны рыхтуюцца да 26 красавіка 17:54, 25/04/2007
Дваццаць першыя ўгодкі Чарнобыльскай трагедыі на Віцебшчыне сябры Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Грамада" зьбіраюцца адзначыць мітынгам, да якога далучацца чарнобыльцы, а таксама прадстаўнікі іншых дэмакратычных партыяў і недзяржаўных арганізацыяў.
Паводле былога кіраўніка штабу па ліквідацыі наступстваў аварыі ў Чарнобыльскай зоне, а зараз абласнога лідэра сацыял-дэмакратаў Анатоля Гнеўкі, гэта ня будзе палітычным мерапрыемствам, хаця ў Беларусі праява на несанкцыянаваным уладамі ўзроўні сваіх пачуцьцяў заўсёды разглядаецца менавіта як акцыя палітычная. Гэта будзе ўспамінам пра тых мужных людзей, якія выканалі свой грамадзянскі абавязак і загінулі ад наступстваў аварыі, гэта салідарнасьць з пакутуючымі на "чарнобыльскія" хваробы, салідарнасьць зь іхнымі патрабаваньнямі да дзяржавы, якая вельмі хутка забылася пра свае абяцаньні. Гэта падтрымка галасоў тых, хто пратэстуе супраць пазбаўленьня чарнобыльцаў апошніх мізэрных ільготаў.
Дэмакраты Віцебска зьбіраюцца спусціць жалобныя вянкі ў Заходнюю Дзьвіну, Днепр, іншыя рэчкі. У Полацку, Наваполацку, іншых гарадах і пасёлках вянкі паплывуць па Дзьвіне. У Воршы — па Дняпру, паведаміла “Радыё Рацыя”.
А вось замоўленае аршанскай моладзьдзю на суботу шэсьце супраць будаўніцтва ў Беларусі АЭС мясцовыя ўлады забаранілі. Замест агульнай акцыі яны прапанавалі правесьці сьціплы пікет у нязручным месцы. Паводле маладзёвага актывіста Ігара Казьмярчака, заяўнікі вымушаныя ад гэткай прапановы адмовіцца.
Рыхтуюцца да Дня Чарнобыля і прадстаўнікі Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі. На гэты дзень ў Віцебску ля гэтак званага "сіняга дому" заплянаваны пікет. А потым адбудзецца імпрэза ля крыжа Эўфрасіні Полацкай на Ўсьпенскай горцы.