Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Дэвід Крамер: «У беларускага ўрада ёсць два шляхі» 13:35, 25/04/2007
Намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША Дэвід Крамер заявіў пра неабходнасць выканання беларускімі ўладамі шэрагу крокаў, накіраваных на дэмакратызацыю сітуацыі ў краіне. У адваротным выпадку, па словах Дэвіда Крамера, стасункі паміж Беларуссю і ЗША “значна пагоршацца”. “Маё пасланне беларускім уладам вельмі пэўнае. У беларускага ўрада ёсць два шляхі. Адзін шлях можа прывесці да паляпшэння стасункаў паміж Беларуссю і Злучанымі Штатамі Амерыкі. Гэты шлях складаецца з здзяйснення пэўных дзеянняў – вызвалення абсалютна ўсіх палітычных зняволеных, спынення крымінальнага пераследу апазіцыі, у тым ліку актывістаў “Маладога Фронту”, мірнага правядзення заўтрашняй акцыі “Чарнобыльскі Шлях” і правядзення без праблем Кангрэса дэмакратычных сілаў. Калі гэтыя крокі не будуць зробленыя, я баюся, што нашы стасункі сур`ёзна пагоршацца. Паводле Акту аб падтрымцы дэмакратыі ў Беларусі, які быў ухвалены Кангрэсам ЗША і падпісаны прэзідэнтам Бушам, мы можам распачаць некаторыя крокі. Я спадзяюся, нам не давядзецца гэтага рабіць. Але цяпер справа за ўрадам Беларусі”, – заявіў Дэвід Крамер сёння на прэс-канферэнцыі ў Менску.
Прадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША адзначыў што за апошнія некалькі месяцаў сітуацыя ў Беларусі пагоршылася. “Асабліва тут трэба згадаць падзеі 25 сакавіка і затрыманні актывістаў апазіцыі як да акцыі ў Дзень Волі, так і пасля”, – адзначыў Дэвід Крамер.
Па словах памочніка намесніка дзяржсакратара ЗША, асноўнай “праверкай” для беларускіх уладаў стане вырашэнне пытання аб палітвязнях. “Калі беларуская ўлада зробіць гэты першы крок, мы гатовыя развіваць нашы стасункі. Прымаючы да ўвагі той факт, што цяпер узровень стасункаў паміж нашымі краінамі вельмі нізкі, у нас ёсць куды рухацца. Я павінен прызнаць, што Вашынгтон вельмі рэдка гаворыць у станоўчым ключы пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Таму калі падзеі будуць развівацца негатыўна, то ў нас ёсць меры, якія будуць распачатыя ў гэтым выпадку. Мы можам пашырыць спіс “неўяздных” асоб, увесці санкцыі супраць некаторых дзяржаўных прадпрыемстваў, распачаць іншыя дзеянні. Мы можам прыняць як станоўчыя, так і адмоўныя меры. Мы гатовыя пайсці насустрач, але гатовыя і ўзмацніць ціск, калі ў гэтым будзе неабходнасць”, – заявіў Дэвід Крамер.
Дэвід Крамер таксама адзначыў, што збіраўся прыехаць у Менск некалькі месяцаў таму, аднак не здолеў атрымаць беларускую візу. Па словах прадстаўніка Дзярждэпа, яму не адмаўлялі ў атрыманні візы, але вельмі доўга не адказвалі на яго запыт.
Падчас візіту ў Менск намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША сустрэўся з міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым, намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта РБ Наталляй Пяткевіч, лідэрамі і актывістамі апазіцыі, праваабарончымі арганізацыямі, сем`ямі палітвязняў. Цікава, што з намеснікам кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Наталляй Пяткевіч Дэвід Крамер сустракаўся з ініцыятывы беларускага боку. Сустрэча з Пяткевіч адбылася не ва ўрадавым будынку, а ў адным з менскіх кафэ. Старшыня Дзярждэпа не стаў казаць, менавіта пра што размаўляў з намесніцай кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі, але адзначыў, што давёў да яе пазіцыю ЗША у дачыненні Беларусі і распавёў пра крокі, якія павінны распачаць беларускія ўлады.
“Я спадзяюся, што беларускія ўлады разумеюць, што мае словы – не пустыя пагрозы”, –адзначыў намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША. “Мы чулі рытарычныя выказванні пра стасункі з Захадам, якія паляпшаюцца, цягам некалькіх месяцаў. Але я не магу сказаць, што мы ўбачылі пэўныя дзеянні ў пацверджанне гэтай рыторыкі”, – заявіў Крамер.