Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларускія прадпрыемствы цяпер здолеюць браць замежныя крэдыты? 10:22, 25/04/2007
Паміж “Белзнешэканамбанкам” і сіндыкатам нямецкіх банкаў на чале з “Дрэзднер Банк АГ” было падпісанае рамачнае крэдытнае пагадненне на суму да 125 млн. еўра. Пра што гэта сведчыць?
Як паведамілі ў “Белзнешэканамбанку”, рамачнае пагадненне стварае аснову для прыцягнення пад гарантыі беларускага ўрада крэдытных сродкаў на агульную суму да 125 млн. еўра шляхам заключэння індывідуальных крэдытных пагадненняў. Крэдыты ж даюцца з мэтай фінансавання імпарту з краін, экспартныя крэдытныя агенцтвы якіх гатовыя іх застрахаваць. Мінімальная сума кантракту складае 2 млн. еўра. Гэта значыць, як растлумачылі ў “Белзнешэканамбанку”, беларускія прадпрыемствы цяпер здолеюць браць замежныя крэдыты для куплі імпартных тавараў. Такім чынам, адзначылі ў банку, Нямеччына “фінансуе свой экспарт у Рэспубліку Беларусь”.
Экс-кіраўнік Нацбанка Станіслаў Багданкевіч у інтэрв`ю “Нямецкай хвалі” заявіў, што:
“Беларусь цалкам крэдытыздольная і таму магла б і даць гарантыю. Але лепш усяго, калі б прадпрыемства бралі крэдыты, напрыклад, у той жа Нямеччыне, пад эфектыўныя праекты”.
Гэта значыць, на думку Багданкевіча, найбольш правільным быў бы варыянт, калі беларускія прадпрыемствы бралі крэдыты ў нямецкіх банках самастойна. Аднак для нямецкіх фінансістаў такі варыянт больш рызыкоўны. Бо шматлікія беларускія заводы звыклі свае даўгі не аддаваць. Станіслаў Багданкевіч прывёў дадзеныя, агучаныя нядаўна пры абароне кандыдацкай дысертацыі супрацоўнікам таго самага “Белзнешэканамбанка”:
“Каля 80 адсоткаў усіх крэдытаў, якія гарантаваліся ўрадам Беларусі, апынуліся неэфектыўнымі. Крэдыты, атрыманыя дзяржаўнымі заводамі і прадпрыемствамі, былі аплачаныя за кошт дзяржаўнага бюджэту”.