Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Сярод збітых удзельнікаў «Чарнобыльскага шляху» – літаратуразнаўца Уладзімір Содаль 12:53, 27/04/2007
Вядомы беларускі літаратуразнаўца Уладзімір Содаль абураны збіваннем супрацоўнікамі міліцыі мірных удзельнікаў "Чарнобыльскага шляху" пасля завяршэння акцыі ўвечары 26 красавіка. У прыватнасці, сам У.Содаль, якому сёлета спаўняецца 70 гадоў, і яго жонка былі збітыя ў раёне плошчы Бангалор, калі вярталіся дахаты пасля завяршэння акцыі.
У інтэрв`ю БелаПАН У.Содаль распавёў, што міліцыянты дзейнічалі "нечакана і нахабна". "Я мог бы адбегчы, але годнасць не дазволіла мне гэтага зрабіць. Чаму я, які перажыў у дзяцінстве страшныя гады нацысцкай акупацыі Беларусі, павінен у сваёй краіне ў мірныя дні бегчы ад сваіх юных суайчыннікаў?" – абурыўся У.Содаль.
Навукоўца падкрэсліў, што напад міліцыянтаў нанёс яму глыбокую душэўную рану. "Калі гэта адбылося, я ўспомніў радок з гімна Беларусі: "Мы, беларусы, мірныя людзі". І вось гэтыя мірныя людзі вяртаюцца дадому і сутыкаюцца з такой незразумелай агрэсіяй. Калі ўлады хацелі разагнаць акцыю, трэба гэта было зрабіць на пачатку, а не глуміцца над людзьмі, якія вярталіся дадому", – сказаў У.Содаль.
Тым не менш ён не збіраецца падаваць скаргу на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, бо лічыць гэта бессэнсоўным.
Уладзімір Содаль даследуе беларускую літаратуру і культуру XIX–XX стагоддзяў, жыццёвы і творчы шлях Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Францішка Багушэвіча, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Ядвігіна Ш. і Зоські Верас. Ён аўтар шматлікіх кніг і навучальных дыяфільмаў пра вядомых дзеячаў нацыянальнай гісторыі і культуры, складальнік альбомаў, прысвечаных Багушэвічу і Дуніну-Марцінкевічу, зборнікаў твораў Багушэвіча. Варта таксама адзначыць, што У.Содаль – інвалід з дзяцінства.