|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
На хакеі багата бел-чырвона-белых сьцягоў 10:09, 02/05/2007 Беларускае тэлебачаньне ўжо паказала ў жывым этэры першыя гульні беларусаў — з чэхамі, аўстрыйцамі ды амэрыканцамі. Тры разы ў лядовым палацы лунала багата бел-чырвона-белых сьцягоў. Мэдыя-экспэрт Леанід Міндлін тлумачыць, што ад супрацоўнікаў БТ не залежала, што пабачаць гледачы. Адлюстраваньне падзеяў на чэмпіянаце (так званая “карцінка”) на экранах тэлевізараў — агульная для ўсіх краінаў, дзе глядзяць гэтыя спаборніцтвы. “Існуе тэлекампанія, якая атрымала правы на трансьляцыю гэтага чэмпіянату. У дадзеным выпадку гэта расейская кампанія. Яна дае тэлевізійную “карцінку”. І гэта яе супрацоўнікі — рэжысэры, апэратары, інжынэры — падаюць карцінку на спадарожнік. Зь яго мы яе й атрымоўваем. І гэтая карцінка ідзе ва ўсе краіны, якія пажадалі яе атрымаць”, -- паведаміў журналіст для “Радыё Свабода”. Заклікі паехаць у Расею, каб падтрымаць хакеістаў Беларусі, дагэтуль застаюцца на рэклямных шчытах у цэнтры Менску. Гучаць яны так: “Ваша поддержка — наша победа”. Прыхільнікаў беларускай каманды ў Расеі шмат. Прыкладам, учора падчас матчу з камандай ЗША менавіта яны запоўнілі сэктары і за аднымі, і за другімі брамамі, дзе квіткі таньнейшыя, чым на цэнтральных трыбунах. Заўзятар Максім зь сябрамі паехаў зь Менску ў Маскву таксама падтрымаць сваю каманду. Хлопцы ўзялі з сабою бел-чырвона-белыя сьцягі й сьцяжкі з Пагоняй. “Адчуваем сябе клясна. Міліцыя ніякіх прэтэнзіяў ня мае. Калі б мы ў Менску выйшлі з такімі сьцягамі, дык нас бы хуценька павязалі. Расейцы некаторыя падыходзяць, цікавяцца: што гэта за сьцягі? Мы ім расказваем, што і як. А ўчора яшчэ “Спартак” маскоўскі гуляў у футбол. І калі мы ехалі ў мэтро з нашымі сьцягамі, дык многія думалі, што мы заўзятары “Спартака”. А мы ім казалі, што мы да “Спартака” ня маем дачыненьня. Мы — за Беларусь!” , -- кажа хлопец. Максім таксама гаворыць, што настрой беларускіх заўзятараў, пасьля дзьвюх паразаў з буйным лікам ад камандаў Чэхіі й ЗША, даволі кепскі. Але ж, падкрэсьлівае малады заўзятар, суцяшае што “бел-чырвона-белых сьцягаў вельмі многа. Больш, чым афіцыйных, зялёных”. Алімпійскі чэмпіён Уладзімер Парфяновіч гаворыць, што ён паглядзеў па тэлевізіі абодва матчы беларусаў. Да розных сьцягоў ён ставіцца спакойна: “Кожны мае сваю думку й выказвае яе такім чынам. Можа, і ў камандзе камусьці падабаецца, што ёсьць бел-чырвона-белыя сьцягі, а камусьці — зялёныя з чырвоным. Для каманды любая падтрымка — гэта падтрымка”.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|