Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У Менску ўшанавалі памяць ахвяраў камуністычнага тэрору 13:47, 02/05/2007
29 красавіка сябры Аргкамітэту ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў усклалі кветкі і запалілі сьвечкі каля памятных крыжоў у Курапатах і парку Чалюскінцаў.
29 дня кожнага месяца сёлета актывісты ўшаноўваюць памяць расстраляных сталінскім НКВД суайчыньнікаў. Да каплічкі на месцы масавых расстрэлаў у парку Чалюскінцаў сёньня прыйшло 10 чалавек. Сустаршыня аргкамітэту году памяці пісьменьнік Васіль Якавенка, рэжысэр Валер Мазынскі, грамадзкі актывіст Вячаслаў Сіўчык ды іншыя. Прыкладна столькі ж міліцыянтаў назіралі за мерапрыемствам.
“У нас гэта ў традыцыі. 29 кастрычніка 1937 году расстраляная вялікая група інтэлігенцыі. Дзеячоў культуры, мастацтва, асьветы, дзяржаўных дзеячоў. Адзначаць гэты дзень думка паўстала ў Сыктыўкары, бо па ўсяму Савецкаму саюзу 29-30 кастрычніка адбываліся масавыя расстрэлы. І вось прапанавалі кожны месяц 29-га ставіць сьвечкі, прыносіць кветкі. Мы са студзеня прыходзім кожны месяц, а таксама на Радаўніцу і на Дзяды”, -- сказаў у інтэрвію “Радыё Свабода” Васіль Якавенка.
Людзі ўсклалі кветкі, запалілі сьвечкі, прасьпявалі гімн “Магутны Божа”. У гэты самы дзень газэта “Народная воля” апублікавала зварот членаў аргкамітэту ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў да міністра ўнутраных спраў Уладзімера Навумава і старшыні Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Сьцяпана Сухарэнкі з заклікам раскрыць месцы пахаваньня ахвяраў расстрэлаў 29-30 кастрычніка 1937 году.