Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Віцэ-прэм’ер Іван Бамбіза: Працу ў першым квартале правалілі 10:02, 03/05/2007
Урад Беларусі не задаволены вынікамі працы канцэрна “Белдзяржхарчпрам” у і квартале гэтага года, заявіў намеснік прэм’ер-міністра Іван Бамбіза на паседжанні савета канцэрна ў сераду. “Першы квартал правалілі як асобныя прадпрыемствы, так і канцэрн у цэлым”, – падкрэсліў І.Бамбіза.
Ён адзначыў, што паводле вынікаў працы ў студзені–сакавіку 2007 года арганізацыі канцэрна "Белдзяржхарчпрам" з 10 даведзеных паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця і дадатковых заданняў выканалі толькі 3: узровень рэнтабельнасці рэалізаванай прадукцыі, паніжэнне ўзроўню матэрыялаёмістасці і ўзровень сярэднемесячнай заработнай платы. Не былі выкананыя заданні па прадукцыі прамысловасці (68,1% ад узроўню студзеня–сакавіка 2006 года), па вытворчасці спажывецкіх тавараў (67,7%), экспарту (38,1%), скарачэнню імпарту (узрос у параўнанні з I кварталам 2006 года на 26,9%). Не выкананы таксама нарматыў запасаў гатовай прадукцыі і заданне па прыцягненні інвестыцый у асноўны капітал, паведамляе “Інтэрфакс”.
Паводле вынікаў працы за студзень–сакавік 2007 года рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі па канцэрне склала 11,5% (паніжэнне да адпаведнага перыяду мінулага года на 1,7 адсоткаў пункта). Прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі прадпрыемствамі канцэрна быў атрыманы ў суме Br49 млрд (на 30% менш, чым у студзені–сакавіку мінулага года), чысты прыбытак – Br16,2 млрд рублёў (на 52,9% менш).
Як было адзначана на паседжанні, у першым квартале практычна па ўсіх галінах харчовай прамысловасці назіралася паніжэнне эфектыўнасці працы. Чыстую страту атрымалі ў I квартале 13 арганізацый канцэрна. Асноўныя прычыны страт характэрныя для большасці арганізацый канцэрна: паніжэнне аб`ёмаў вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі, рост яе сабекошту, нізкі ўзровень загрузкі вытворчых магутнасцяў, недахоп адваротных сродкаў.
Як падкрэсліў І.Бамбіза, для падвышэння эфектыўнасці працы арганізацый канцэрна неабходна найперш актывізаваць працу па развіцці тавараправоднай сеткі, мадэрнізацыі вытворчасцяў і стварэнне новых прадпрыемстваў. Неабходна таксама развіццё сістэмы ўнутрыгаліновых паставак.
Ён раскрытыкаваў сітуацыю, калі ў краіну імпартуецца сыравіна і матэрыялы, у той час як уласныя прадпрыемствы, якія вырабляюць аналагічную прадукцыю, не маюць збыту. У якасці прыкладу ён прывёў хлебазаводы Менска і дэпартамент па хлебапрадуктах, якія выкарыстоўваюць расейскі маргарын, у той час як Менскі маргарынавы завод і Гомельскі тлушчавы камбінат з прычыны незапатрабаванасці маргарынавай прадукцыі змушаныя зніжаць аб`ёмы вытворчасці.