Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
На выставе СМІ – амаль адны дзяржаўныя выданьні 10:49, 03/05/2007
2 траўня ў Мінску пачала працу чарговая выстава "СМІ ў Беларусі". На сёлетняй выставе вельмі шырока прадстаўленыя дзяржаўная прэса як грамадска-палітычнага, так і забаўляльнага характару, а таксама дзяржаўныя радыёстанцыі і тэлекампаніі Беларусі. Недзяржаўныя грамадска-палітычныя газеты і часопісы ўжо некалькі гадоў запар не экспануюцца на стэндах спецыялізаванай выставы.
Праца выставы распачалася з афіцыйнага адкрыцця з удзелам міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Русакевіча.
Паводле афіцыйных звестак, удзельнічаюць больш за 700 экспанентаў. Кідаецца ў вочы тое, што на гэты раз актыўна прадстаўлены небеларускія недзяржаўныя выданні, у прыватнасці, рэгіянальныя СМІ Расійскай Федэрацыі, адзначае прэс-служба БАЖ.
Таксама ўчора афармляўся да ўвагі наведвальнікаў стэнд радыёстанцыі “Нямецкая хваля”, якая вяшчае на Беларусь з-за мяжы.
Публікі на выставе пакуль не вельмі многа, ў большасці гэта самі журналісты ці афармляльнікі стэндаў. На мерапрыемстве прысутнічае вельмі многа супрацоўнікаў дзяржтэлерадыёкампаніі, былых і сапраўдных кіраўнікоў дзяржаўных медыя.
Учора ў некалькіх кутках выставачнага цэнтра ладзіліся прэзентацыі стэндаў радыёстанцый, спявалі зоркі беларускай эстрады. “Зразумець, што адбываецца цяжка з прычыны таго, што гук вельмі моцны, і ў залі стаіць невыносная какафонія”, – выказаў свае ўражанні сябра БАЖ, які наведаўся на выставу.
Прысутным раздавалі бясплатна газеты і рэкламныя буклеты. На стэндзе ваеннай прэсы быў выстаўлены кампутар, на якім наведвальнікі маглі пагуляцца ў розныя гульні ў стылі “мілітары”, чым і карысталіся падлеткі, што наведаліся ў выставачны цэнтр.